Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступы Казуліна і Мілінкевіча па БТ былі паказаныя без купюр


Радыё Свабода Сёньня зь першым агітацыйнымі выступамі па Беларускім тэлебачаньні выступілі кандыдаты на прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін. Выступы ішлі ў запісе, як пацьвердзілі ў перадвыбарчых штабах абодвух кандыдатаў, яны былі паказаныя без купюр. Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку да тэледэбатаў, Аляксандар Казулін перад камэрай парваў газэту “Советская Белоруссия” з партрэтам Лукашэнкі і заклікаў яго аддаць грошы за продаж зброі народу.

Першым быў паказаны выступ Аляксандра Мілінкевіча, які назваў цяперашнюю стабільнасьць у Беларусі застоем і беспэрпэктыўнасьцю, самаізаляцыяй краіны ды прапанаваў іншы шлях і стыль кіраваньня:

(Мілінкевіч: ) “Наша задача вельмі простая – не стабільнасьць застою, а стабільнасьць разьвіцьця. Я сьмела магу сказаць, што мая праграма – гэта народная праграма прыхільнікаў пераменаў, а іх у краіне большасьць”.

Спадар Мілінкевіч рэпрэзэнтаваў свой перадвыбарчы лёзунг – “Свабода, праўда, справядлівасьць”. Ён востра скрытыкаваў цяперашняе дзяржаўнае ўладкаваньне, прапаганду ў дзяржаўных СМІ, уціск грамадзкіх ініцыятываў, заклікаў скараціць колькасьць чыноўнікаў і правяраючых органаў.

(Мілінкевіч: ) “Сёньня ў прэзыдэнта надзвычай высокія паўнамоцтвы, як у імпэратара візантыйскага. І ні адзін чалавек, нават самы таленавіты справіцца зь імі не можа. Я зьменшу паўнамоцтвы прэзыдэнта”.

Гаворачы пра выбары ў Беларусі, спадар Мілінкевіч заявіў пра татальныя фальсыфікацыі, заклікаў выбарцаў галасаваць толькі ў дзень выбараў, прадстаўнікоў выбарчых камісіяў папярэдзіў, што тэрміну даўнасьці злачынствы, зьвязаныя з выбарамі, ня маюць.

(Мілінкевіч: ) “Дэмакратычная кааліцыя катэгарычна супраць рэвалюцыяў. Мы патрабуем, каб выбары прайшлі сумленна і па законе. Калі перамогу ў нас зноў скрадуць, калі будуць падманы на выбарчых участках, а пра гэта стане вядома ў той жа дзень,– я ўпэўнены, што людзі выйдуць на вуліцу абараняць сваю годнасьць. Але не апазыцыя будзе вінаватая ў гэтым, а ўлада, якая правакуе падобны выхад”.

Выступ Аляксандра Казуліна па БТ быў таксама крытычным і эмацыйным.

Ён нават парваў перад камэрай газэту “Советская Белоруссія” з партрэтам Лукашэнкі і лічбамі – 76 адсоткаў апытаных, якія нібыта гатовыя за яго прагаласаваць.

Спадар Казулін заявіў, што ў Менску за Лукашэнку гатовыя галасаваць не больш за 20 адсоткаў выбарцаў.

(Казулін: ) “Я ўпэўнены, што старая ўлада аддалілася ад народу і няўмольна вядзе краіну да крызісу”.

Спадар Казулін назваў далёкай ад народу і “старую апазыцыю”. Але найбольш увагі Аляксандар Казулін ўдзяліў крытыцы Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку асабістай:

(Казулін: ) “Калі дзяржаўны чыноўнік у рабочы час гуляе ў хакей, ды яшчэ за народныя грошы, то такога чыноўніка звальняюць. Я прапаную больш не працягваць кантракт з Лукашэнкам”.

Аляксандар Казулін абвінаваціў ўлады ў гвалтоўным зборы подпісаў за Лукашэнку, заявіў, што палова Шклова перамясьцілася ў “Дразды”.

Закрануў ён і асабістае жыцьцё дзейнага кіраўніка краіны:

(Казулін: ) “За ўсе 12 гадоў мы першую лэдзі так і не пабачылі, ды і не сакрэт для многіх, што цяперашні кіраўнік дзяржавы жыве зь іншай жанчынай, мае ад яе сына – падарунак да свайго 50-годзьдзя. Ды і пра грамадзянскую цёшчу, былога міністра аховы здароўя размоваў шмат. Ды Бог ім судзьдзя”.

***

Учора да выбарцаў зьвярнуўся лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, які засяродзіўся на крытыцы сваіх канкурэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах, што, паводле ягоных словаў, хочуць “падманутых людзей вывесьці на вуліцы”, а таксама выказаў крытыку на адрас эканамічнай палітыкі ўраду. Дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад права на 30-хвілінны тэлевізійны зварот да выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG