Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявілася альтэрнатыва канцэртам "За Беларусь"


Радыё Свабода Прадусарскі цэнтар “VoliaMusic” выпусьціў музычны кампакт-дыск “Песьні Свабоды”. Яго складаюць 23 песьні ў выкананьні папулярных беларускіх выканаўцаў, у тым ліку забароненых рок-гуртоў. Выдаўцы й удзельнікі праекту заяўляюць, што “Песьні Свабоды” ёсьць альтэрнатывай прадзяржаўным канцэртам “За Беларусь”.

Гэта першы ў гісторыі музычны альбом, складальнікамі якога сталі самі заўзятары беларускай музыкі. Паводле галасаваньня слухачоў у інтэрнэце, было вылучана спачатку 40, а затым 23 песьні, якія затым і патрапілі “Песьні Свабоды”.

Адной з ідэяў альбому ёсьць стварэньне альтэрнатывы афіцыйным канцэртам “За Беларусь”, якія цяпер праходзяць у краіне – кажа адзін з укладальнікаў, які мае творчы псэўданім “Пупэр”.

(Пупэр: ) “Канечне, у нас ня тыя магчымасьці, каб зь імі канкураваць. Але хаця бы такім чынам трэба паказаць, што ў нас ёсьць іншая музыка, іншыя музыкі, якія маюць іншую грамадзянскую пазыцыю ад той, якую нам навязваюць цяпер. Ёсьць іншая беларуская музыка”.

На кампакт дыску зьмешчаныя песьні ў выкананьні такіх папулярных гуртоў і выканаўцаў, як “N.R.M.”, “Neuro Dubel”, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч, “Крама”, “Уліс”, “Палац” і многія іншыя.

Яны выконваюць вядомыя ўжо хіты, а таксама новыя песьні. Так Алег Хаменка й “Палац” прэзэнтуюць на дыску новы твор “Сьпей мне”. Пра свой удзел у праекце “Песьні Свабоды” Алег Хаменка кажа наступнае.

(Хаменка: ) "Мне здаецца, што добрыя людзі гэта робяць і чаму бы не паўдзельнічаць. Песьня, якая можа не зусім фарматная для творчасьці “Палацу”, але гэта, на мой погляд, сур''ёзны твор. І ён вельмі патрыятычны не зважаючы на тое, што камусьці можа падацца жартам. І канечне, такі твор, які прагучыць на гэтым кампакце, ён ня можа ўдзельнічаць у канцэртах “За бацьку”, якія цяпер праводзяцца".

Кампакт дыск “Песьні Свабоды” падрыхтаваны не для продажу, і ад сёньня пачаў распаўсюджвацца бясплатна. Перадусім яго атрымаюць ўкладальнікі альбому, а гэта больш за тысячу чалавек. Зь імі й іншымі заўзятарамі беларускай музыкі днямі адбудуцца адмысловыя сустрэчы ў менскай сядзібе БНФ.
XS
SM
MD
LG