Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як Калякін, Лябедзька і Вячорка апынуліся ў адной кааліцыі?


Радыё Свабода На пытаньне слухача “Свабоды” сёньня адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

(Слухач: ) “Што б я запытаў у кандыдатаў у прэзыдэнты? Я б запытаў спадара Мілінкевіча наступнае. Першае. Як вы будзеце рабіць дэмакратыю, калі ў вашай камандзе Калякін — галоўны душыцель усіх свабодаў і дэмакратыі ў Савецкім Саюзе. А тое, што ён цяпер перабраўся да дэмакратаў — ня верыцца. Другое пытаньне. Як вы будзеце праводзіць прыватызацыю ў Беларусі ў інтарэсах беларускага народу, калі ў вас у камандзе Лябедзька — галоўны сябра Нямцова і расейскай партыі “СПС”, якая прадстаўляе інтарэсы расейскіх алігархаў. І задаў бы яму апошняе пытаньне: як вы будзеце будаваць добрыя дачыненьні з Расеяй, калі ў вас у камандзе Вячорка, які ўсю сваю палітычную дзейнасьць, яшчэ пачынаючы з Пазьняка, хадзіў пад лёзунгам, калі раней шэсьці праводзіліся, “Нет фашистской России места в Белоруссии! Русские, чемодан — вокзал — Россия!”

На пытаньне адказвае Павал Мажэйка — прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча, кандыдата на прэзыдэнта ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі:

(Мажэйка: ) “Гэтыя тры пытаньні можна сьмела і лёгка аб’яднаць у адно. Так, як заўважыў слухач, сапраўды аб’ядналіся і левыя, і правыя, і кансэрватары, і лібэралы, і камуністы. Усе гэтыя палітычныя плыні аб’ядналіся толькі й выключна дзеля адной мэты: вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратыі. Бо вінаваціць Калякіна ў тым, што ён рабіў нейкія злачынствы яшчэ ў Савецкім Саюзе, ці вінаваціць Вячорку, што ён казаў пра фашыстоўскую Расею — гэта абсалютная няпраўда.

І праўдападобна, што ўсё гэта выходзіць зь Беларускага тэлебачаньня, зь іншых дзяржаўных крыніцаў. Такім чынам яны спрабуюць пераканаць грамадзтва, каб яны не ішлі й не прыслухоўваліся да тых ідэяў і словаў, якія сёньня прамаўляе дэмакратычная кааліцыя і, у прыватнасьці, Аляксандар Мілінкевіч”.
XS
SM
MD
LG