Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму КДБ затрымаў маладых актывістаў і канфіскаваў кампутары?


Любоў Лунёва, Менск Сябры незарэгістраванага грамадзянскага аб’яднаньня “Партнэрства” Цімафей Дранчук, Мікола Астрэйка, Эніра Браніцкая і Аляксандар Шалайка ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Іх падазраюць у кіраўніцтве арганізацыяй, якая парушае сваімі дзеяньнямі правы і абавязкі грамадзянаў. 21 лютага ў іхных кватэрах апэратыўнікі зрабілі ператрус, забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі.

Адвакатка Вера Страмкоўская наведала затрыманых актывістаў “Партнэрства”. Супрацоўнікі КДБ казалі маці Міколы Астрэйкі, каб яна не чакала адвакатку, бо яна сёньня яе ня ўбачыць.

(Астрэйка: ) “Адваката не дапускалі да сына, але потым у гадзіну прыйшоў афіцэр і павёў. Мы дамовіліся, што я буду яе чакаць. А 15-й гадзіне да мяне падышла супрацоўніца КДБ. Яна спытала маё прозьвішча і паведаміла, што адвакатка прасіла перадаць, каб я яе не чакала, што яна сёньня вельмі занятая і сустрэцца са мной ня зможа. Я не разумею, чаму такая таямніца? Я намагалася перадаць сыну лекі, а яны мне адказалі, што перадачу можна будзе перадаць толькі тады, калі будзе прад’ялена абвінавачаньне”.

Адваката Паўла Сапелку, зь якім заключылі дамову сваякі Цімафея Дранчука, на допыт не пусьцілі.

У ордэры, які падпісаў намесьнік гарадзкога пракурора Мікалай Старавойтаў яшчэ 16 лютага, было пазначана, што ўсе мерапрыемствы ладзяцца ў межах крымінальнай справы, якую распачалі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Супрацоўнікі КДБ паказалі паперу, згодна зь якой справу вядзе сьледчы ў асабліва важных справах Зьміцер Шкарбута.

Сьледчы паведаміў Радыё Свабода, што затрыманых дапытваюць па крымінальнай справе, распачатай за распаўсюд мультфільмаў палітычнага зьместу ў Інтэрнэце.

(Шкарбута: ) “Наагул, нікога не затрымліваў. Нікога не арыштоўваў. Справа, якая яшчэ тады была распачатая за мультфільмы. Ну, відаць, ёсьць нейкая сувязь”.

Сьледчы Зьміцер Шкарбута паведаміў, што ніякіх распараджэньняў наконт затрыманьня Цімафея Дранчука, Міколы Астрэйкі, Эніры Браніцкай і Аляксандра Шалайкі ён не даваў. Тое, што іх падазраюць у парушэньні іншага артыкулу Крымінальнага кодэксу ў справе, якую ён расьсьледуе, сьледчы ня ведаў.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Трэці шлях”, супраць якіх распачата справа за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, кіраўнік ініцыятывы “Свабоду палітвязьням” Ігар Марыніч, а таксама актывісты альянсу “Майдан” і аб’яднаньня “Наша Беларусь” прынялі зварот у абарону сяброў “Партнэрства” — арганізацыі, якая займаецца выключна назіраньнем за выбарамі. Яны патрабуюць, каб беларускія ўлады вызвалілі затрыманых, і заклікалі грамадзкасьць праявіць салідарнасьць з палітвязьнямі.

Дэпутат Эўрапарлямэнту Алдзіс Кушкіс, намесьнік старшыні Парлямэнцкай дэлегацыі ў стасунках зь Беларусьсю, заклікае палітыкаў Эўразьвязу і ЗША абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі. Сытуацыю зь ператрусамі і затрыманьнямі актывістаў “Парнэрства” ў часе выбарчай кампаніі дэпутат называе адкрытымі рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці. Алдзіс Кушкіс заклікае адказных асобаў Эўразьвязу і ЗША заявіць беларускім уладам, што такія дзеяньні не застануцца незаўважанымі і вінаватыя будуць пакараныя.

Гл.таксама • Як праваабаронцы ставяцца да затрыманьняў, якія правёў КДБ? • КДБ Беларусі афіцыйна паведаміў пра ўчорашнія затрыманьні • Дранчука, Астрэйку й Шалайку ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КДБ • КДБ учыніў ператрус у кватэры Цімафея Дранчука • Міліцыянты праніклі ў прыватную кватэру актывіста штабу Казуліна • КДБ сканфіскаваў аргтэхніку ў актывістаў “Партнэрства” і ў Магілёве • КДБ канфіскаваў кампутары ў лідэра "Партнэрства" • КДБ праводзіць ператрусы ў кватэрах актывістаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG