Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўручэньнем прэміі імя Юр’я Захаранкі сачылі людзі ў цывільным


Радыё Свабода У Менску ўручылі прэмію імя Юр’я Захаранкі “З адкрытым забралам” — атрымаў яе вядомы праваабаронца, адвакат Гары Паганяйла. Прэмію заснаваў нефармальны рух “Абаронцы Айчыны”. Першым яе ляўрэатам быў генэрал Валеры Фралоў.

Падчас урачыстай цырымоніі праваабаронца Раіса Міхайлоўская назвала спадара Паганяйлу адным зь яркіх падаўжальнікаў справы самаахвярнага генэрала Юр’я Захаранкі, як зьнік шэсьць гадоў таму. Ляўрэат прэміі таксама абвяшчаецца рыцарам году.

(Міхайлоўская: ) “Гэта чалавек, які здабыў павагу ня толькі сваёй прафэсійнай, але і грамадзянскай пазыцыяй. Імя нашага намінанта зьвязана зь вельмі гучнымі справамі апошніх гадоў. Стаўшы ў судзе прадстаўніком сем’яў зьніклых апанэнтаў улады, спадар Паганяйла зьведаў шматлікія рэпрэсіі і маральны ціск”.

З ініцыятывы Гары Паганяйлы ў Вярхоўны Суд Беларусі накіравана скарга на рашэньне Цэнтравыбаркаму аб рэгістрацыі Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты. Спадар Паганяйла заявіў:

(Паганяйла: ) “Як бы мой лёс ні склаўся, я веру, што ў мяне хопіць сілаў, здароўя, аптымізму, каб яшчэ доўгі час дапамагаць нашым людзям, дэмакратычна настроеным прадстаўнікам нашага грамадзтва”.

Падчас цырымоніі прэзэнтавалася таксама кніга “Хроніка дзяржаўнай подласьці”. Яна ўключае матэрыялы грамадзкай камісіі, якая расьсьледавала абставіны зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранкі. Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Алег Воўчак мяркуе:

(Воўчак: ) “Гэта тая інфармацыя, якая цяпер пайшла да эўрапейскіх юрыстаў для завядзеньня крымінальнай справы. Мы вырашылі таксама гэтую інфармацыю легалізаваць у Беларусі”.

Напачатку імпрэзы, якая адбывалася ў адной зь менскіх кавярань, невядомыя разам з прадстаўніком Ленінскага райаддзелу міліцыі спрабавалі весьці відэаздымкі. Калі спадар Воўчак запатрабаваў у іх дакумэнты, міліцыянт у цывільным патлумачыў, што яны, маўляў, проста адпачываюць у кавярні. Далей за імпрэзай яны ўжо назіралі з-за століка насупраць. Алег Воўчак заявіў, што за ім і за Аляксандрам Казуліным невядомыя пастаянна сочаць і здымаюць іх на відэа. Гэтыя дзеяньні спадар Воўчак мяркуе абскардзіць у КДБ.

(Воўчак: ) “Што за прычына? Мы будзем ставіць перад Сухарэнкам пытаньне, каб патлумачылі, што гэта за людзі, на якіх падставах? Калі яны незаконна, то завесьці на іх крымінальныя справы за прыхаванае здыманьне. Мы лічым гэта парушэньнем правоў чалавека”.
XS
SM
MD
LG