Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца кіроўцы на шашы М1 да кампаніі Мілінкевіча?


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Некалькі дзён таму на рэклямных шчытах ўздоўж міжнароднай аўтатрасы Масква-Менск, вядомай кіроўцам пад назвай М1\Е30, зьявіліся агітацыйныя плякаты з надпісам “Беларусы Расеі – за Аляксандра Мілінкевіча!” і партрэтам кандыдата на прэзыдэнта.

Плякаты разьмешчаныя недалёка ад расейска-беларускай мяжы на расейскім баку. Штодня праз памежны пераход “Рэдзькі” праяжджаюць тысячы машын, і каля бліжэйшай аўтазаправачнай станцыі мы папрасілі кіроўцаў падзяліцца сваімі меркаваньнямі наконт гэтай незвычайнай формы перадвыбарчай агітацыі.

Гаворыць спадар Генадзь, які вяртаецца на Беларусь з Масквы.

(Генадзь: ) “ Так, бачыў адзін такі плякат па правым баку – за Мілінкевіча. Ну, нават і ня ведаю, што сказаць наконт гэтага. Можа, усё ў нас ад “бацькі” залежыць? Але пажывем, дык і пабачым, што тут будзе. Можа, гэта і дапаможа”.

Другі кіроўца, спадар Валеры, які едзе з расейскае Волагды, далёка ня пэўны, што такая агітацыя насамрэч можа паспрыяць посьпеху Аляксандра Мілінкевіча.

(Валеры: ) “Перадвыбарчая кампанія. Ну і што? У яго ўсё адно няма ніякіх шанцаў. Няма! Няма, таму што ўсё адно выберуць Лукашэнку! Ды вы ж самі гэта ведаеце!”

Спадар Яўген прапанаваў падвезьці да Воршы, і ўжо ў машыне падзяліўся сваімі думкамі наконт пэрспэктываў Аляксандра Мілінкевіча.

(Яўген: ) “Са Смаленску еду, бачыў тыя плякаты. Ці дапамогуць яны, ня ведаю. Я мяркую, што апошнія нармалёвыя выбары былі ў 1994-м годзе, а з той пары ўжо ясна, хто каго ў нас абірае. Але пачакаем, паспадзяемся, можа, усё зьменіцца! Бачна, што ідзе перадвыбарчая кампанія. Але цікава, што на расейскім баку плякаты ёсьць, а на беларускім – няма”.

На зваротным баку прыдарожных стэндаў зьмешчаны тэлефон для ахвотных замовіць на іх рэкляму. Па гэтым нумары адказала супрацоўніца прыватнай смаленскай рэклямнай агенцтва, якая адмовілася назваць сябе, а ўсе зьвесткі пра агітацыйныя плякаты назвала камэрцыйнай таямніцай.

(Супрацоўніца: ) “Мы такія пытаньні не асьвятляем ні для каго. Гэта ёсьць камэрцыйнай таямніцай. Усяго на трасе дзьве такія выявы, і гэта нікім не забаронена – людзі выбіраюць, у кожнага ёсьць такое права. Нічога супрацьзаконнага, каб ачарніць іншых кандыдатаў, там не намалявана. Так што нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма”.

Супрацоўніца рэклямнае агенцтва запэўніла, што палітыкай іхная фірма не займаецца, і што на трасе Масква–Менск ёсьць яшчэ шмат вольных стэндаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG