Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ правёў ператрус у рэдакцыі "Згоды"


Радыё Свабода У рэдакцыі газэты “Згода” і на кватэры рэдактара супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Намесьніка галоўнага рэдактара газэты Аляксандра Зьдзвіжкова павезьлі ў КДБ на допыт з прычыны карыкатураў на прарока Мухамеда. Пра гэта паведаміў заснавальнік выданьня Аляксей Кароль.

Падставай для гэтых дзеяньняў стала нядаўняя публікацыя ў газэце карыкатураў на прарока Мухамеда, перадрукаваных з дацкай газэты. Учора прэсавая служба Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з адмысловай заявай з нагоды зьяўленьня ў газэце “Згода” гэтых карыкатураў.

"МЗС рашуча асуджае любыя наўмысныя дзеяньні, што могуць мець вынікам распальваньне міжрэлігійнай варожасьці, – гаворыцца ў заяве. – Карыкатуры перадрукаваныя з заходніх СМІ недзяржаўным выданьнем і цалкам супярэчаць палітыцы афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь" – заяўляе прэсавая служба МЗС.

У дакумэнце падкрэсьліваецца, што матэрыялы па факце перадруку карыкатураў газэтай “Згода” накіраваныя Міністэрствам інфармацыі на разгляд у пракуратуру.

У дзяржаўным камітэце па рэлігіі паведамілі, што атрымалі зварот мусульманаў Беларусі ў сувязі з публікацыямі карыкатураў у “Згодзе”. Камітэт накіраваў адпаведныя матэрыялы наконт публікацыі ў праваахоўныя органы з просьбай даць яе юрыдычную кваліфікацыю.

Заснавальнік газэты Аляксей Кароль заявіў нашаму радыё:

(Кароль: ) "Публікацыя была зробленая без майго ўдзелу і ў маю адсутнасьць. Я забараніў распаўсюд тыражу, і газэта па сутнасьці не распаўсюджвалася. Тут сутыкнуліся свабода слова і мараль. І я ў дадзеным выпадку на баку маралі. Што тычыцца подбіўкі гэтых падзеяў, тут улады выкарыстоўваюць гэта як падставу, каб абвінаваціць апазыцыю ў распальваньні міжрэлігійнай варожасьці і ў дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне."

Аляксей Кароль выказаў меркаваньне, што кампутары газэты хутчэй за ўсё будуць канфіскаваныя, выданьне газэты спыненае і рэдакцыя ня зможа папрасіць прабачэньня ў тых, каго публікацыя карыкатураў зьняважыла.

***

Пасьля правядзеньня ператрусу ў рэдакцыі, КДБ пачаў ператрус у прыватнай кватэры рэдактара газэты “Згода” і сябра ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Аляксея Караля. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода зяць апазыцыянэра.

Апэратыўнікі не дазваляюць Аляксею Каралю карыстацца хатнім і мабільным тэлефонамі. Яны не тлумачаць апазыцыянэру, што менавіта шукаюць у ягоным доме.

Увечары стала вядома, што КДБ распачаў крымінальную справу па факце друкаваньня карыкатур.

Гл.таксама • КДБ узбудзіў крымінальную справу супраць "Згоды" з-за карыкатур
XS
SM
MD
LG