Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнт Эстоніі падтрымаў дэмакратыю ў Беларусі


Радыё Свабода Пра гэта гаворыцца ў спэцыяльнай заяве эстонскіх дэпутатаў “У падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”. За яе прыняцьце галасавалі ўсе прысутныя ў гэты дзень у парлямэнцкай залі.

Парлямэнтары Эстоніі заклапочаныя тым, што “напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рэжым прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі яшчэ больш абмежаваў дэмакратычныя свабоды”. У дакумэнце адзначаецца, што “ў краіне адсутнічаюць перадумовы для правядзеньня свабодных выбараў”.

Прыняцьце заявы ініцыявала дэпутацкае аб’яднаньне “Ў абарону разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі”, у склад якога ўваходзяць 26 парлямэнтароў. Да іх далучыліся яшчэ 28. Такім чынам, сярод ініцыятараў апынуліся прадстаўнікі ўсіх, без выключэньня, парлямэнцкіх фракцыяў.

Упершыню адпаведная прапанова прагучала два тыдні таму, калі парлямэнцкая камісія ў міжнародных справах правяла адкрытае паседжаньне з трансьляцыяй праз Інтэрнэт, на якім дэпутаты ды прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі. Намесьнік старшыні гэтай камісіі Марка Міхкельсон кажа, што многія ягоныя калегі даволі добра ведаюць пра справы ў Беларусі, рэгулярна сочаць за сытуацыяй у краіне. Таму і спатрэбілася так мала часу, каб падрыхтаваць і прыняць адпаведную заяву:

(Міхкельсон: ) “Мы штодня атрымліваем інфармацыю зь Беларусі. І таму добра ведаем, якія падзеі тут адбываюцца — прынамсі, як актыўна працуе КДБ. Было галасаваньне — 58 парлямэнтароў прагаласавалі за прыняцьце заявы, і ніхто не галасаваў супраць”.

Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі паведаміў, што сярод эстонскіх парлямэнтароў ёсьць нямала тых, хто жадае пабачыць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі на свае вочы.

(Міхкельсон: ) “На сёньня мы ўжо маем 14 дэпутатаў, якія выказалі жаданьне. Але сьпіс закрыецца 28 лютага, і будзе больш. Мы спадзяемся, што ўсе парлямэнтары атрымаюць беларускія візы”.

Парлямэнт Эстоніі выказаўся за тое, каб “Беларусь вярнулася да свабодных народаў Эўропы” і заклікаў Эўразьвяз і Раду Эўропы “рэалізаваць праекты для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG