Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці выратуюць фрыстайлісты прэстыж алімпійскай зборнай Беларусі?


Радыё Свабода Беларусы на Алімпіядзе спадзяюцца толькі на фрыстайлістаў. Авансы, якія даваліся біятляністам, канькабежцам і лыжнікам, ня спраўдзіліся. Некаторыя беларускія спартоўцы пасьля правальных стартаў ужо абвясьцілі, што разьвітваюцца зь вялікім спортам.

Цырымонія закрыцьця ХХ зімовых алімпійскіх гульняў у Турыне пройдзе без бальшыні беларускіх спартоўцаў — палова ад трох дзясяткаў алімпійцаў ужо адляцелі дадому ці пакуюць валізкі. Доўга не затрымаліся на Апэнінах скакуны з трампліну, лыжнікі і адзіная прадстаўніца ў канькабежным спорце Сьвятлана Радкевіч, якія былі ў хвасьце выніковых сьпісаў. Гаворыць генэральны сакратар Нацыянальнага алмпійскага камітэту Беларусі Георгі Катулін:

(Катулін: ) “Я ня стаў бы катэгарычна гаварыць, што ўсе выступілі няўдала. Ува ўсіх была свая планка, разумееце? І мераць усіх адной мэдалёвай планкай немагчыма. Хтосьці вышэй за галаву скокнуў нават са сваім вынікам. Да прыкладу, той жа Лазуткін: шаснаццаты ў такой гонцы — гэта вельмі сур’ёзны посьпех. Частка спартоўцаў сапраўды ўжо ад’ехала, канькабежцы ад’ехалі. Будуць яшчэ іншыя людзі ад’яжджаць, да канца, натуральна, ня ўсе застануцца. Але ў тых жа фрыстайлістаў тут будуць спаборніцтвы адразу ж пасьля Алімпіяды — Кубак сьвету”.

Пасьля адзінаццаці дзён спаборніцтваў Беларусь займае 27-е месца ў неафіцыйным камандным заліку сярод удзельнікаў Алімпіяды. Выніковыя балы налічваюцца ўключна да 8-га месца; у залік беларусам пайшло адно 5-е месца, два 7-я і адно 8-е. У штабе беларускай алімпійскай місіі не выключаюць, што балы здолее прынесьці камандзе і першы няўдачнік Алімпіяды Сяргей Далідовіч — ён можа выступіць у гонцы на 50 кілямэтраў.

Напярэдадні некалькі вядомых беларускіх спартоўцаў заявілі, што вымушаныя пакінуць вялікі спорт. Так, біятляніст Алег Рыжанкоў пасьля фінішу правальнай для беларусаў эстафэтнай гонкі заявіў, што такія паказчыкі іншых варыянтаў не прадугледжваюць.

Мэдальную сытуацыю могуць яшчэ выправіць фрыстайлісты, якія і на папярэдніх Алімпіядах былі асноўнымі пастаўшчыкамі мэдалёў у агульнакамандную скарбонку. Сёньня а восьмай вечара за ўзнагароды паспрачаюцца жанчыны. Сярод дванаццаці наймацнейшых — дзьве прадстаўніцы Беларусі: Ала Цупер выйдзе на старт пятай, Асоль Сьлевец мае другі нумар. 23 лютага барацьбу пачнуць мужчыны — Зьміцер Дашчынскі, Аляксей Грышын і Антон Кушнір. Два першыя — прызэры Алімпійскіх гульняў у Нагана і Солт-Лэйк-Сіці.

Перад ад’ездам беларускай алімпійскай каманды ў Турын Аляксандар Лукашэнка заявіў, што будзе вельмі сорамна, калі беларусы ня здолеюць прадэманстраваць высокіх вынікаў — маўляў, усе ўмовы для падрыхтоўкі былі забясьпечаныя.
XS
SM
MD
LG