Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фёдару Іванову далі штраф і пакінулі на волі


Радыё Свабода Былога старшыню Дзяржкамавіяцыі Фёдара Іванова Вярхоўны Суд прызнаў вінаватым у службовых злоўжываньнях, але пакінуў на волі. Фёдар Іваноў заявіў пасьля суду, што ўвогуле разьлічваў на апраўданьне.

Да сьпісу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія прайшлі праз суд, але захавалі волю, дадаўся былы старшыня Дзяржкамавіяцыі Фёдар Іваноў. Сёньня, 22 лютага, завяршыўся працэс над Івановым, які пачаўся ў Вярхоўным Судзе яшчэ летась у кастрычніку. Судзьдзя Сяргей Грынцэвіч прызнаў Фёдара Іванова вінаватым у службовых злоўжываньнях і нанясеньні стратаў у буйных памерах. За гэта Іванова пакаралі штрафам на 30 мільёнаў рублёў.

Каб кампэнсаваць страты, нанесеныя Менскаму і Аршанскаму авіярамонтным заводам, а таксама аэрапорту “Менск-1”, Іваноў мусіць сплаціць каля мільярда рублёў. Хатні арышт, пад якім Іваноў знаходзіўся больш за год, суд адмяніў.

Пасьля прысуду Фёдар Іваноў сказаў журналістам, што чакаў апраўданьня і цяпер не ўяўляе, як зможа заплаціць амаль 500 тысяч даляраў прадпрыемствам, над якімі раней быў начальнікам.

(Іваноў: ) “Можна навесіць і мільён, і два, і тры — але ж я не Хадаркоўскі, які можа заплаціць такія грошы. У мяне іх і няма. Галоўнае ў прысудзе, што пакінулі на волі, а з астатнім будзем разьбірацца”.

Пакуль Іваноў ня сплаціць кампэнсацыі, суд наклаў часовы арышт на ягоную маёмасьць і грошы на рахунках. Іх знайшлося ня так і мала: 80 тысяч эўра на асабістым рахунку, дом у пасёлку Тарасава пад Менскам, аўтамабіль “Додж-караван”, кватэра ў Менску.

Суд прызнаў таксама вінаватым у службовай неахайнасьці былога начальніка аэрапорту “Менск-1” Васіля Лазара. Яго пазбавілі права займаць кіроўныя пасады цягам году. Удакладню, што Фёдару Іванову займаць кіроўныя пасады судом не забаронена.

Нагадаю, пракурор Сяргей Целяжэвіч прасіў пакараць Фёдара Іванова шасьцю гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці, Васіля Лазара — трыма гадамі зьняволеньня. Пракурор лічыў, што віна абодвух у судзе была цалкам даказаная з дапамогай сьведкаў і дакумэнтаў. Прысуд, які быў вынесены Іванову і Лазару судзьдзём Грынцэвічам, пракурор Целяжэвіч камэнтаваць адмовіўся, але прызнаў, што гэта пакараньне “значна адрозьніваецца ад таго, што прасіў ён”.

У судзе па справе Фёдара Іванова згадвалася імя прэм’ера Сяргея Сідорскага, для якога на загад Іванова зь перавышэньнем каштарысу і быў адрамантаваны самалёт Як-40.

Нядаўна стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка сваім указам памілаваў іншую былую высокапастаўленую асобу — былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову: яе прысудзілі да 4 гадоў зьняволеньня за крадзеж амаль 3 мільёнаў даляраў, але за краты Жураўкова не патрапіла, бо Аляксандар Лукашэнка яе памілаваў.

Сьпіс карумпаваных высокапастаўленых чыноўнікаў, якім удалося пазьбегнуць турмы, адкрыла зусім не Галіна Жураўкова. Варта нагадаць пра лёс былога кіраўніка беларускай чыгункі Віктара Рахманька. Суд над ім адбываўся ў 2002 годзе. Адказнага чыноўніка прызналі вінаватым у шэрагу злачынстваў і асудзілі да 1 году і 9 месяцаў зьняволеньня, але ўлічылі час, праведзены ў сьледчым ізалятары і пад хатнім арыштам. У калёнію Рахманько не патрапіў і неўзабаве зьехаў у Маскву. Цяпер ён займае адказную пасаду ў расейскім “Газпроме”.
XS
SM
MD
LG