Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Рацыя аднаўляе вяшчаньне (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы, супольнымі высілкамі беларускіх журналістаў зь Беласточчыны і Беларусі аднавіла вяшчаньне радыё "Рацыя", якое падтрымаў польскі ўрад. Першыя некалькі тыдняў радыё будзе выходзіць у эфір па дзьве гадзіны ў дзень на сярэдніх хвалях.

На пачатак вяшчаньня радыё "Рацыя" ў Беласток прыехалі высокапастаўленыя прадстаўнікі польскага ўраду, вядомыя палітыкі, дзясяткі журналістаў з Польшчы і іншых краінаў.

Яўген Вапа – старшыня суполкі "Радыё Рацыя", кажа, што адроджаная "Рацыя" будзе іншай, чым тое радыё, якое гучала ў эфіры некалькі гадоў таму.

(Вапа: ) "Час вымагае паскарэньня, нейкай новай хуткасьці. Гэтае радыё будзе больш дынамічнае і будзе апэратыўна адлюстроўваць тое, што адбываецца ў беларускім грамадзтве. Думаю, што нашыя журналісты – і з Польшчы і зь Беларусі пакажуць, што можна стварыць беларускае радыё, якое іншыя будуць хацець слухаць. Галоўнае, каб яго было добра чуваць – і на сярэдніх, і пазьней на кароткіх хвалях".

Адраджэньне "Рацыі" сталася магчымым дзякуючы падтрымцы польскага ўраду. Міністар з канцылярыі прэм''ера Польшчы Адам Ліпіньскі заявіў, што падтрымка незалежнага вяшчаньня для беларускіх гарамадзянаў для польскага ўраду вельмі важная, бо палякі хочуць мець суседам дэмакратычную і стабільную краіну – Беларусь.

(Ліпіньскі: ) "Мы ведаем, што такое змаганьне за дэмакратыю і ведаем, што такое салідарнасьць іншых народаў. У камуністычныя часы заходняя Эўропа нам дапамагала, і мы дапамагалі іншым і будзем дапамагаць".

У сваю чаргу адзін з кіраўнікоў радыё "Рацыя", гарадзенскі журналіст Мікола Маркевіч ўпэўнены, што радыё дасьць магчымасьць выказацца і працаваць тым беларускім журналістам, якія былі звольненыя зь іншых мэдыяў за тое, што хацелі рабіць сваю працу прафэсійна.

(Маркевіч: ) "Гэты дзень павінны адзначыць і тыя людзі ў Беларусі, якія спрабуюць трымаць беларускі народ на каленях. Яны павінны зразумець, што гэтыя спробы марныя".

На пачатку радыё "Рацыя" будзе выходзіць у эфір дзьве гадзіны – ад 19-й да 21-й паводле менскага часу на сярэдніх хвалях – 1080 кілягерц.

Паўгадзіны з гэтай праграмы будзе таксама рэтрансьлявацца ў ФМ-дыяпазоне – гэтую частку можна будзе слухаць на Віленшчыне і часткова на Гарадзеншчыне на хвалі 103,8 FM.
XS
SM
MD
LG