Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Wyborcza": улады запанікавалі, бо расьце папулярнасьць Мілінкевіча


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія мэдыі пішуць пра ператрусы і арышты ў Беларусі. "Акцыя КГБ і міліцыі супраць беларускай апазыцыі" – такі загаловак мае публікацыя ў "Gazecie Wyborczej".

"Супрацоўнікі КГБ зрабілі ператрусы ў сядзібах апазыцыйных арганізацыяў і прыватных кватэрах у Менску, Берасьці, Полацку і іншых беларускіх гарадах. Затрыманыя актывісты, у тым ліку і тыя, хто займаецца арганізацыяй назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 19 сакавіка. Уся друкаваная прадукцыя канфіскоўвалася", – піша "Gazeta Wyborcza".

Польскі штодзёньнік падае меркаваньні экспэртаў, якія кажуць, што беларускія ўлады напярэдадні выбараў спрабуюць канчаткова выключыць апазыцыю з палітычнага жыцьця краіны.

"Хутчэй за ўсё, улады запанікавалі пасьля таго, як цягам апошніх дзён пачала расьці папулярнасьць кандыдата ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Мілінкевіч шмат езьдзіць па краіне і сустракаецца з выбаршчыкамі", – піша "Wyborcza".

Іншыя мэдыі, у тым ліку і галоўныя польскія тэлеканалы, паведамляюць таксама пра зварот праваабарончай арганізацыі "Вясна", якая заклікае да выкарыстоўваньня ўсіх міжнародных мэханізмаў уціску на беларускія ўлады, каб тыя спынілі рэпрэсіі.

"Галоўная мэта акцыяў беларускіх уладаў – стварыць атмасфэру страху напярэдадні выбараў", – адзначаюць польскія мэдыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG