Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты кажуць, што варта прыватызаваць


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што не дапусьціць крымінальнай прыватызацыі на расейскі ўзор і, наагул, прыватызацыя будзе адбывацца толькі з ягонай згоды. Лукашэнка кажа, што ў яго няма пляну масавай прыватызацыі, ён выступае за так званую кропкавую прыватызацыю. Прычым, будзе прымяняцца так званае права “залатой акцыі”, якое дае дзяржаве кантроль над прыватнымі прадпрыемствамі. Што ж варта прыватызаваць у Беларусі? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт адрасаваў кандыдатам у прэзыдэнты.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, да прыватызацыі павінен быць комплексны падыход, інакш гэта будзе нагадваць распродаж на базары.

(Гайдукевіч: ) “Прыватызуюць тыя рэчы, якія патрабуюцца для прыватызацыі. Так ніхто ня можа вам сказаць, што – вось гэта. Для гэтага ствараецца камісія. Чалавек, які вам сходу адказвае, значыць ён нічога не разумее. Дзяржава – не базар.”

Спадар Гайдукевіч абяцае прыватызацыю, але з чаго яна пачнецца, ён канкрэтна не выказваецца.

(Гайдукевіч: ) “Я буду прыватызаваць. І абавязкова буду. Прыходжу і зьбіраюся зрабіць рэформы”.

Аляксандар Казулін вызначыў аб’екты ў Беларусі, якія трэба прыватызаваць.

(Казулін: ) “У нас сёньня недзе каля 70-ці стратных прадпрыемстваў. У першую чаргу іх трэба рэалізаваць. А калі ў нас стратныя прадпрыемствы ці калгасы і саўгасы далучаюць да моцных, і такім чынам кажуць, як мы добра працуем, то ў нас краіна ірэальная. Вось нам трэба пазбавіцца ад такой ірэальнай краіны”.

Паводле прэсавага сакратара штабу Дзьмітры Косьціна, у Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым пытаньні даволі прынцыповая пазыцыя, што можна перайсьці да актыўнай прыватызацыі.

(Косьцін: ) “Аднак існуе пытаньне: ці гатова на гэты крок усё грамадзтва. Былі ж прыклады ў суседніх краінах з так званай прыхватызацыяй. Трэба спачатку ўзьняць маральныя прынцыпы грамадзтва і стандарты, каб не адбылося напрыклад тое, што адбылося ў суседніх краінах. Таму ўсё павінна быць зроблена дзеля разьвіцьця эканомікі і павышэньня дабрабыту народа”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, прыватызацыя дробных прадпрыемстваў прыцягне інвэстыцыі ў краіну, якіх цяпер бракуе.

(Мілінкевіч: ) “Тыя прадпрыемствы, якія наш бюджэт ствараюць, так званыя бюджэтатворныя вялікія прадпрыемствы ў краіне, прыватызаваць трэба вельмі асьцярожна. Лепш за ўсё пакідаць дзяржаве кантрольны пакет акцый. А малыя і сярэднія прадпрыемствы, тыя, асабліва, якія ня маюць прыбытку, нерэнтабэльныя, трэба прыватызаваць. І гэта тая справа, якой зацікаўлена і эканоміка, і тыя людзі, якія зацікаўлены на прадпрыемствах. Пачынаць трэба з сярэдніх, малых, тых, якія непрыбытковыя”.
XS
SM
MD
LG