Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы запушчаны вэб-сайт "Вольная Беларусь"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пачаў працу новы інтэрнэт-сайт "Вольная Беларусь", на якім будуць рэгістравацца ўсе парушэньні правоў чалавека ў часе перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Стваральнікі парталу заснавалі таксама Фонд дапамогі ахвярам рэпрэсіяў.

Стваральнікі старонкі – сябры ініцыятывы "Вольная Беларусь" паведамляюць наведвальнікам аб тым, што галоўная задача новага інтэрнэт-рэсурсу інфармаваць пра штодзённыя падзеі ў Беларусі, "краіне дзе надалей ёсьць палітычныя вязьні, дзе свабодныя мэдыі амаль зьнішчаныя рэжымам і дзе палітычныя рэпрэсіі гэта штодзённая справа".

Кіраўнік праекту Якуб Міхалоўскі кажа, што асаблівая ўвага будзе зьвяртацца менавіта на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

(Міхалоўскі: ) "Рэпрэсіі ў Беларусі, парушэньні правоў чалавека, тое, што можна сустрэць у Беларусі амаль штодня, будзе зьяўляцца на нашай старонцы. Прычым новая інфармацыя будзе зьяўляцца кожны дзень. Будзем інфармаваць таксама, ужо інфармуем, пра акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, што адбываюцца ў Польшчы"

Паводле словаў спрадара Якубоўскага, інфармацыя на інтэрнэт-старонцы www.wolnabialorus.pl будзе таксама штодзённа перакладацца на ангельскую мову.

Ініцыятыва "Вольная Беларусь" ужо зарэгістравала ў адпаведных дзяржаўных структурах Фонд дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. У сакавіку ў Польшчы адбудзецца вялікі канцэрт у падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, які будзе трансьляваць польскае тэлебачаньне – на экранах зьявіцца таксама інфармацыя пра тое, як пералічыць сродкі ў гэты фонд.

Зьнешнія спасылкі: • wolnabialorus.pl (на польскай мове)
XS
SM
MD
LG