Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады абмяжоўваюць сьпіс дазволеных для агітацыі месцаў


Радыё Свабода У многіх рэгіёнах Беларусі адсутнічаюць умовы для паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі. Гэта стварае канфлікты паміж яе удзельнікамі і ўладамі.

Каманда Аляксандра Мілінкевіча накіравала скаргу ў Цэнтрвыбаркам і пракуратуру на рашэньне Менгарвыканкаму, паводле якога масавыя агітацыйныя мерапрыемствы павінны праводзіцца толькі ў пэўных вызначаных месцах. Давераная асоба Мілінкевіча юрыст Уладзімер Лабковіч лічыць гэта парушэньнем выбарчага заканадаўства:

(Лабковіч: ) “У артыкуле 45 Выбарчага кодэксу сказана, што агітацыя адбываецца ў выглядзе сустрэчы з выбаршчыкамі ў зручнай для выбаршчыкаў форме і месцах. У мяне ёсьць пытаньне: як улады вызначалі гэтыя месцы, таму што, напрыклад, па Менску гэтыя месцы, відавочна, знаходзяцца здалёк ад кампактнага пражываньня грамадзянаў, зручнасьцяў даезду і г.д”.

Цэнтрвыбаркам трактуе выбарчае заканадаўства інакш. Гаворыць сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Калі гэта зьвязана з арганізацыяй сходу, то для таго і існуе мясцовая ўлада, каб яна забясьпечвала парадак у горадзе і кантралявала працэс”.

Паводле спадара Лазавіка, Цэнтрвыбаркам даў устаноўку мясцовым уладам на апэратыўнае вырашэньне праблемаў, што паўстаюць падчас агітацыйнай кампаніі.

У рэгіёнах жа ўвогуле адбываюцца вельмі дзіўныя калізіі. Жыхары Маладэчна, напрыклад, толькі заўтра будуць ведаць месцы дазволеныя для агітацыі.

Гаворыць сакратар раённай выбарчай камісіі Алена Серафонтава:

(Серафонтава: ) “Рашэньне прынятае. Вызначаныя месцы. Ня проста так: прыехаў, стаў на плошчы і выступай. У горадзе тры месцы. У сераду ў газэце будзе надрукавана”.

Жыхары Асіповічаў пра мясцовыя правілы агітацыйнай кампаніі, хутчэй за ўсё, не даведаюцца і заўтра. Тут улады, як вынікае з тлумачэньня сакратара раённай выбарчай камісіі Марыны Кулеш, яшчэ наагул не займаліся гэтым пытаньнем:

(Кулеш: ) “Яшчэ не прадставілі месцы. Яшчэ не было рашэньня выканкаму”.

У Салігорску такія месцы для масавых агітацыйных мерапрыемстваў вызначаныя. Мясцовыя ўлады пра іх нават паінфармавалі жыхароў. Але, як мяркуе салігорская актывістка дэмакратычнага руху Ларыса Насановіч, гэтыя правілы наўрад ці задаволяць людзей:

(Насановіч: ) “У Салігорску няма ніводнага месца, каб сустракацца на вуліцы. Толькі ў залях можна агітаваць. Вызначана пяць месцаў – пяць памяшканьняў для агітацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG