Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч крытыкаваў і апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, і ўрад


Радыё Свабода Сёньня зь першым агітацыйным выступам па Беларускім тэлебачаньні выступіў кандыдат на прэзыдэнта лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, які засяродзіўся на палітычнай крытыцы сваіх апазыцыйных канкурэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах, і крытыкі на адрас эканамічнай палітыкі ўладаў. Пры гэтым ён ні разу не назваў прозьвішчы А. Мілінкевіча ці А. Казуліна.

У першую чаргу Сяргей Гайдукевіч выступіў за захаваньне стабільнасьці ў Беларусі, супраць палітыкаў, якія хочуць “падманутых людзей вывесьці на вуліцы”. Да такіх дзеячаў ён аднёс перш за ўсё сваіх канкурэнтаў ад апазыцыі, якія далі зразумець, што гатовыя пайсьці на радыкальныя дзеяньні. Сяргей Гайдукевіч абвінаваціў іх у тым, што яны хочуць паўтарыць у Беларусі украінскі ці грузінскі рэвалюцыйны сцэнар.

(Гайдукевіч: ) “У нас, на Беларусі, ёсьць у прамым сэнсе выкармленыя захадам палітычныя сілы, якія рвуцца да ўлады і скіраваныя сваімі апекунамі на вырашэньне адной адзінай задачы – разбурэньне беларуска-расейскага саюзу”.

Паводле спадара Гайдукевіча, патрабаваньні выкананьня правоў чалавека і дэмакратыі з боку апазыцыі – для адводу вачэй. Сяргей Гайдукевіч заявіў, што калі такія сілы прыйдуць да ўлады, то энэрганосьбіты для Беларусі падаражаюць у некалькі разоў, а кошт газу стане астранамічным.

У другой частцы выступу спадар Гайдукевіч заявіў, што за 10 гадоў у Беларусі зроблена шмат станоўчага, аднак выступіў з крытыкай на адрас ўладаў:

(Гайдукевіч: ) “Але ў той жа час у сваім руху Беларусь пачынае прабуксоўваць, савецкая спадчына вычарпаная. Патрэбныя новыя рашэньні, беларускай эканоміцы патрэбныя сур''ёзныя інвэстыцыі, абнаўленьне і разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы… Куды цяпер глядзіць наш урад, усё што я кажу, бачна няўзброеным вокам”.

Спадар Гайдукевіч заклікаў да рэфармаваньня падатковай сыстэмы, стварэньня спрыяльных умоваў для бізнэсу, скарачэньня колькасьці кантралюючых органаў, адмовы ад адміністратыўнага рэсурсу ў рэгуляваньні эканомікі, скарачэньня карупцыі ў дзяржаўных органах. Сяргей Гайдукевіч заклікаў да ўнармаваньня адносін з краінамі суседзямі, далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Выказаўся ён наконт праблем малых гарадоў і вёсак, наконт памяншэньня нараджальнасьці і працягласьці жыцьця грамадзян, неэфэктыўнасьці аховы здароўя і іншых сацыяльна-эканамічных праблем.

***

Дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка адмовіўся ад права на 30-хвілінны тэлевізійны зварот да выбаршчыкаў. Замест выступу Аляксандра Лукашэнкі па БТ паказалі прапагандысцкі фільм “Тэорыя змовы” аб мэханізмах рэвалюцыяў у Сэрбіі, Грузіі, Украіне.

Гл. таксама • Мілінкевіч выклікаў Лукашэнку на тэледэбаты, Казулін запісаўся на БТ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG