Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму можна праводзіць экзыт-полы?


Радыё Свабода Ці змогуць сацыялягічныя службы праводзіць падчас выбараў 19 сакавіка апытаньні на выхадзе з выбарчых участкаў – так званыя экзыт-полы?

Днямі старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заявіла, што сёлета ўсе, хто жадае правесьці апытаньне экзыт-пол, будуць павінны мець афіцыйную акрэдытацыю.

Падчас рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году балтыйская філія ўсясьветна вядомай сацыялягічнай службы Гэлапа правяла экзыт-пол у Беларусі. Згодна зь яго вынікамі прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб зьмене Канстытуцыі падтрымалі тады толькі 48,7% грамадзянаў, а значыць Аляксандар Лукашэнка, паводле Інстытуту Гэлапа, не набраў неабходных 50%.

Адносна гэтага апытаньня Лідзія Ярмошына ўчора заявіла:

(Ярмошына: ) “Я, наагул, ня ведаю ці гэта інстытут Гэлапа, таму што да нас ён не зьвяртаўся, у Нацыянальнай акадэміі адпаведнай акрэдытацыі не праходзіў. Таму, можа, гэта самазванцы”.

Але, ці магчыма ім будзе працаваць сёлета?

(Ярмошына: ) “Калі яны адпаведным чынам атрымаюць адпаведную акрэдытацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук, то, канечне”.

Гэтыя заявы старшыні ЦВК Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктару балтыйскай філіі "Gallup Organization" Расу Алішаўскене.

(Алішаўскене: ) "У 2004 годзе, падчас рэфэрэндуму, мы праводзілі экзыт-пол. Мы каардынавалі, а праводзілі яго, зразумела, інтэрвіюеры. Нідзе ў сьвеце акрэдытацыя на экзыт-полы непатрэбная. І ў той час, наколькі я ведаю – мы глядзелі закон – нідзе не было сказана, што нельга праводзіць экзыт-полы ў Беларусі. А тое, што не забаронена, то, зразумела, дазволена. Зараз, калі будзе патрабавацца нейкая акрэдытацыя, і калі мы будзем нешта рабіць, тады будзем глядзець, што беларускі закон гаворыць".

***

Праводзіць сацыялягічныя дасьледаваньні на тэму прэзыдэнцкіх выбараў маюць права каля дзесяці сацыялягічных службаў. Пра гэта заявіў старшыня камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Ігар Катляроў.

Паводле яго, сярод акрэдытаваных – “расейскія і беларускія дасьледчыцкія цэнтры”, у тым ліку Інстытут сацыяльна-палітычных і эканамічных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, сацыялягічныя службы Гомельскага і Гарадзенскага аблвыканкамаў, служба “Ecoom” і іншыя. Усе яны, паводле Ігара Катлярова, “маюць права праводзіць усе віды сацыялягічных дасьледаваньняў, у тым ліку і экзыт-полы”.

Ён адзначыў, што акрэдытацыя сацыялягічных службаў робіцца на падставе пастановы ўраду, яны павінны рэгістравацца ў камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук.
XS
SM
MD
LG