Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КДБ учыніў ператрус у кватэры Цімафея Дранчука


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі КДБ затрымалі паплечніка Андрэя Клімава Цімафея Дранчука. Яго падазраюць у парушэньні 367-га крымінальнага артыкулу (паклёп на Аляксандра Лукашэнку). Пасьля трохгадзіннага ператрусу супрацоўнікі КДБ забралі з кватэры кампутары і ўсе іншыя носьбіты інфармацыі.

Цімафея Дранчука дапытваюць сьледчыя КДБ у крымінальнай справе, распачатай за паклёп на Аляксандра Лукашэнку.

Сёньня раніцай Цімафей Дранчук паехаў на ўласным аўтамабілі набыць кветкі, каб павіншаваць сваю цяжарную жонку з днём народзінаў. У раёне Акадэміі навук яго машыну спынілі апэратыўнікі з КДБ. Цімафея прывезьлі дадому ў кайданках. У кватэру разам зь ім увайшлі людзі ў камуфляжы з маскамі на тварах. Некалькі чалавек у цывільным паказалі жонцы свае пасьведчаньні супрацоўнікаў КДБ.

Жонка, журналістка “Комсомольской правды” Вольга Анцыповіч, распавяла “Свабодзе”, што наведнікі паводзілі сябе ветліва і нават жартавалі. Паказалі ордэр на ператрус, на якім стаяла дата 16 лютага — дзень, калі адбывалася акцыя салідарнасьці. Яны не патлумачылі, чаму прыйшлі толькі праз чатыры дні. Сьпіс рэчаў, якія апэратыўнікі забралі з сабой, налічвае 65 пунктаў. Сярод іх кампутар, ноўтбук, нататнікі, тры значкі “Зубр”, чатыры значкі “Марш Свабоды”. Супрацоўнікі КДБ забралі з сабой кнігі Андрэя Клімава і старыя ўлёткі.

(Анцыповіч: ) “Што шукалі, невядома, Час ад часу жартавалі: “Пісталет будзеце здаваць, ці не?” Потым пачалі забіраць розныя паперы, якія былі ў кватэры, розныя ўлёткі, старыя газэты, нейкія запісы, якія вёў Цімафей… Тры гадзіны цягнуўся гэты ператрус. Куды павезьлі Цімафея? Як зь ім зьвязацца? Дзе даведацца пра яго лёс? Мне не патлумачылі”.

Сябры Цімафея лічаць, што падставай для крымінальнай справы мог стаць інтэрнэт-сайт “Руху Андрэя Клімава”.

У пракуратуры і КДБ адмовіліся даць камэнтар.

Артыкул за паклёп на Аляксандра Лукашэнку ўжывалі супраць грамадзянаў Беларусі некалькі разоў. Трое журналістаў — Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч, абвінавачаныя паводле гэтага артыкулу, адбылі пакараньне на “хіміі”. Аксану Новікаву пакаралі ўмоўна. Валер Леванеўскі адбывае пакарньне. Аляксандар Васільеў вызвалены з-пад варты. А справу супраць Андрэя Клімава спынілі летась у Першамайскім судзе Менску.

Гл. таксама • КДБ канфіскаваў кампутары ў лідэра "Партнэрства" • КДБ сканфіскаваў аргтэхніку ў актывістаў “Партнэрства” і ў Магілёве • Полацак: КДБ праводзіць ператрусы ў кватэрах актывістаў • Міліцыянты і людзі ў цывільным праніклі ў прыватную кватэру актывіста штабу Казуліна
XS
SM
MD
LG