Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч выклікаў Лукашэнку на тэледэбаты, Казулін запісаўся на БТ


Радыё Свабода Сёньня кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін запісалі свае 30-хвілінныя выступы на першым канале Беларускага тэлебачаньня — іх пакажуць заўтра. Сёньня на дзяржаўным тэлебачаньні быў паказаны тэлевыступ Сяргея Гайдукевіча.

Аляксандар Мілінкевіч прыехаў на запіс у будынак Белтэлерадыёкампаніі з жонкай Інай Кулей, абое мелі цёмна-сінія шалікі колеру “джынс” — моладзевай мабілізацыйнай кампаніі. У студыі іх сустрэлі ня толькі тэхнічныя супрацоўнікі БТ, але і кіраўніцтва тэлекампаніі на чале з Аляксандрам Зімоўскім.

Спадар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе”, што на запіс узяў з сабой сваю бутэльку з вадой і нават сваю шклянку, гэта ён патлумачыў захадамі перасьцярогі:

(Мілінкевіч: ) “Я памятаю, што было з Домашам. Ёсьць падазрэньні, ужо ніхто не дакажа, але ён піў там са шклянкі, а на наступны дзень у яго быў велізарны інфаркт. Гэта ў здаравеннага чалавека, і многія лекары казалі, што выпадкова такога не бывае”.

Спадар Мілінкевіч паведаміў, што для свайго выступу па БТ ён абраў форму завочнага дыялёгу з выбаршчыкамі:

(Мілінкевіч: ) “Паколькі нам не дазваляюць простага эфіру, то я не магу мець зваротнай сувязі з тымі, што слухаюць. Таму я ўзяў з сабой пытаньні, якія давалі мне ў розных гарадах, і сказаў гледачам: давайце завочна з вамі пагаворым”.

Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца што ягоны выступ ня будзе цэнзураваны — прынамсі, кіраўніцтва БТ яму гэта абяцала. Ён пачаў свой выступ па-расейску, а потым у адказах на пытаньні выкарыстоўваў расейскую і беларускую мовы.

Аляксандар Мілінкевіч шмат крытыкаваў цяперашнія парадкі, казаў пра магчымыя фальсыфікацыі выбараў, але прозьвішча А.Лукашэнкі назваў толькі раз у канцы выступу:

(Мілінкевіч: ) “Я заклікаю яго на адкрытыя тэледэбаты ў простым эфіры, як ён гэта і рабіў. Лічу, што калі ў законе і напісана, што тэледэбаты нібыта не прадугледжаныя, гэта ня значыць, што ня трэба размаўляць. Людзі хочуць ведаць праўду, хочуць ведаць адказы на пытаньні, якія іх хвалююць. І важна, каб і тыя, хто прэтэндуе на ролю кіраўніка дзяржавы, і тыя, хто цяпер кіруе краінай, сустракаліся, размаўлялі і паціскалі адзін аднаму рукі”.

Гэта быў фрагмэнт заўтрашняга выступу Аляксандра Мілінкевіча па Беларускім тэлебачаньні. Сёньня ўвечары свой выступ запісаў і іншы кандыдат на прэзыдэнта лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін. Паводле жараб’ёўкі, сёньня па БТ павінны быць паказаныя выступы лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча і Аляксандра Лукашэнкі.
XS
SM
MD
LG