Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КДБ праводзіць ператрусы ў кватэрах актывістаў


Радыё Свабода, Полацак У кватэрах шэрагу грамадзкіх актывістаў Полаччыны прайшлі ператрусы. Рабілі іх людзі, які прадстаўляліся супрацоўнікамі абласной управы КДБ. У першай палове дня ператрэсьлі кватэры палачаніна Дзяніса Салдаценкі, навапалачанаў Аляксея Трубкіна і Ганны Корбы, жыхара прыгараднага пасёлку Баравуха Анатоля Каханчыка, а таксама офіс наваполацкага прадпрымальніка Зьмітра Салаўёва.

Ператрусы санкцыянаваў першы намесьнік пракурора Менску старшы саветнік юстыцыі Старавойтаў на падставе распачатай сталічнай пракуратурай крымінальнай справы па артыкуле 367, частка 1 Крымінальнага кодэксу — паклёп на прэзыдэнта. А непасрэдна пастанову аб іх правядзеньні вынес сьледчы ў важных справах менскай пракуратуры малодшы саветнік юстыцыі Шкарбута. Падчас ператрусаў канфіскоўваліся матэрыялы выбарчай тэматыкі, беларускамоўныя газэты, пасьведчаньні ды іншыя матэрыялы. Вось што паведаміў нашаму радыё навапалачанін Аляксей Трубкін, у кватэры якога адбыўся ператрус:

(Трубкін: ) “А палове на дзявятую да мяне ў кватэру прыйшлі чатыры грамадзяніны, якія прадставіліся супрацоўнікамі КДБ, а таксама два панятыя. Яны прад’явілі ордэр і пачалі ператрус. Калі я пацікавіўся, у чым мяне абвінавачваюць, уцямнага адказу не было. У мяне сканфіскавалі брашуры, кніжкі, беластоцкую “Ніву”, “Народную Волю”, візытоўкі, фронтаўскае ды тэбээмаўскае пасьведчаньні ды іншыя дробныя рэчы”.

Як стала вядома, ператрусы ў кватэрах грамадзкіх актывістаў працягваюцца.
XS
SM
MD
LG