Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Глеба Паўлоўскага выклікалі скандал у Грузіі


Ганна Соусь, Прага Грузінскі парлямэнт сёньня зьвярнуўся да ўсясьветнай супольнасьці з заклікам адрэагаваць адпаведным чынам на заяву дарадцы кіраўніка расейскай адміністрацыі Глеба Паўлоўскага, які сказаў, што “цана адной кулі нашмат таньнейшая за вайну”, гаворачы пра палітыку грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі на тэлеканале НТВ. Сёньня ж расейскі бок заявіў аб пераносе візыту грузінскага прэм’ер-міністра Зураба Нагаідэлі ў Маскву.

Старшыня камітэту міжнародных справаў грузінскага парлямэнту Катэ Габашвілі патлумачыў Радыё Свабода сутнасьць сёньняшняга звароту грузінскага парлямэнту з нагоды заявы Глеба Паўлоўскага:

(Габашвілі: ) “Гэта наўпроставы заклік да тэрарызму, прапаганда гвалту. Гэта караецца паўсюль, у тым ліку і ў Расеі, і ў Грузіі.

Яго, канечне, ніхто не пакарае. Мы больш нічога ня будзем казаць. Проста папярэджваем нашых калегаў у парлямэнтах усяго сьвету, каб яны ведалі зь кім маюць справу”.

Раней міністэрства замежных справаў Грузіі распаўсюдзіла афіцыйную заяву на знак пратэсту супраць выказваньняў дарадцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Глеба Паўлоўскага, які заявіў, што “цана адной кулі нашмат таньнейшая за вайну”.

“Мы ня сталі б зьвяртаць увагу на выказваньні “палітоляга”, які мае прэтэнзію на высокі прафэсіяналізм, каб ён ня быў дарадцам кіраўніка адміністрацыі Ўладзімера Пуціна. Выказваньне Паўлоўскага нельга кваліфікаваць інакш, чым выкарыстаньне элемэнтаў тэрарызму ў міждзяржаўных дачыненьнях, заяўляе грузінскі МЗС.

“Рашэньне міждзяржаўных дачыненьняў шляхам фізычнай расправы, што ўласна і прапаноўвае Паўлоўскі – вельмі небясьпечны крок і патрабуе неадкладнага рэагаваньня з боку міжнароднай супольнасьці”, гаворыцца ў заяве. МЗС Грузіі чакае адпаведных ацэнак з боку кіраўніцтва Расеі і настойліва патрабуе пакласьці канец падобным правакацыям.

26 лютага меўся адбыцца візыт кіраўніка грузінскага ўраду Зураба Нагаідэлі ў Маскву. Аднак на ініцыятыву расейскага боку ён быў перанесены. Гаворыць амбасадар Расеі ў Грузіі Ўладзімер Чхіквішвілі.

(Чхіквішвілі: ) “Я проста паінфармаваў афіцыйна прэм''ер-міністра, што расейскі бок прапанаваў перанесьці візыт. Ізноў жа паўтару, што гэта не адмена візыту, а проста перанос тэрміну візыту. Мы лічым, што ў цяперашняй напружанай атмасфэры трэба ўзяць нейкую паўзу”.

Між тым сам Глеб Паўлоўскі ў інтэрвію агенцтву “РИА-новости” патлумачыў, што сюжэт у згаданай тэлепраграме праграме быў прысьвечаны дачыненьням Грузіі й ЗША, а не Грузіі і Расеі, а фраза, якая абурыла Тбілісі, “Цана адной кулі нашмат таньнейшая за вайну” не адлюстроўвае яго стаўленьня да мэтадаў разьвязаньня рознагалосьсяў ў расейска-грузінскіх стасунках.

Глеб Паўлоўскі кажа, што ён папросту працытаваў гэтак званую “формулу Баўчэра”, амэрыканскага прэсавага сакратара Белага Дому перад амэрыкана-ірацкай вайной. Як сьцьвярджае палітоляг, у сюжэце не ішла гутарка пра неабходнасьць выкарыстаньня Расеяй гэтай формулы.

Грузінска-расейскія дачыненьні апошнім часам становяцца штораз больш напружанымі. На мінулым тыдні парлямэнт Грузіі запатрабаваў вываду расейскіх міратворчых сілаў з зоны грузінска-асецінскага канфлікту і абвінаваціў Расею ва ўмяшаньні ў працэс ўрэгуляваньня крызысаў ў Паўднёвай Асеціі й Абхазіі.

Напрыканцы студзеня пасьля энэргетычнага крызысу, калі ў выніку падрыву газаправоду і ліній электраперадачаў 22 студзеня Грузія пазбавілася электрычнасьці і газу з Расеі, Тбілісі абвінаваціў ў дывэрсіі Маскву. Цяпер Грузія атрымлівае газ адначасова з трох краінаў – Расеі, Азэрбайджану і Ірану. А грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі заявіў тады, што Грузія выйшла з энэргетычнага крызысу яшчэ больш моцнай, чым была раней.
XS
SM
MD
LG