Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляды: “Советскую Белоруссию” збольшага выпісваюць. А якія бабулькі ня ўмеюць чытаць, нічога ня хочуць выпісваць”


Міхал Стэльмак, Ляды, Чэрвеньскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Няхай: ) “Загарэлася бібліятэка, дый усё. Ад чаго і што — ніхто ня ведае”.



Я стаю ля абвугленага, амаль згарэлага будынку, які яшчэ некалькі дзён таму быў у Лядах вясковай бібліятэкай. Мой першы экскурсавод — мясцовы пэнсіянэр Іван Няхай. Бібліятэка стаяла блізка яго хаты:

(Няхай: ) “Калі б ноччу, то мне быў бы капец. Блізка стаіць хлеў ля бібліятэкі. Во — адлегласьць. Ну дык я выпусьціў і карову і кабана — усіх павыпускаў на агарод. Думаю, тут жа быць ня можа, каб ня пыхнула.Добра, што было пяць пажарных. І людзі вычарпалі калодзеж вады і патушылі, не далі загарэцца. А так бы і капец”.



Ляды — цэнтар аднайменнага сельсавету ў Чэрвеньскім раёне. Пра пажар тут шмат гаварылі. Апроч будынку, згарэлі і кнігі, каля сямі тысяч асобнікаў. У вёску зачасьціла начальства з Чэрвеню і Менску. Прадстаўнікі кіраўнічай вэртыкалі, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і праваахоўныя органы высьвятляюць прычыны здарэньня. Гаворыць старшыня Лядзенскага сельвыканкаму Алена Гамеза:

(Гамеза: ) “Незразумела, што там здарылася, але здарылася. Хаця печка была абкладзена кафляй. Вясковая печка, але абкладзеная кафляй”.

(Карэспандэнт: ) “А комін?”

(Гамеза: ) “Комін кафляй ня быў абкладзены, але быў пабелены як сьлед. Можа, нейкая трэшчына здарылася. У маразы больш палілася. Перад ацяпляльным сэзонам заўжды ж правяралася. Нельга сказаць, што там гадамі не правяралася. Гэта праца праводзілася. І сёлета гэта правяралася, Кожны на працоўным месцы нясе адказнасьць”.

Галоўны фігурант у справе пажару — бібліятэкарка Галіна Бабіч, паколькі здарэньне адбылося ў часе яе абедзеннага перапынку. Аднак лядзінцы ня думаюць, што была нядбайнасьць з боку Галіны, якая працавала на пасадзе каля двух гадоў і зарэкамэндавала сябе адказным чалавекам. Іх галоўная вэрсія — дзіравы комін:



(Спадарыня: ) “Ад коміна. Некалі такое было ў нас дома. Сажа загарэлася, дык я чыгун вады хутчэй — раз… Умомант перастала. Галя не вінаватая ні ў чым. Галя не вінаватая абсалютна”.

(Спадарыня: ) “Упраўляліся на фэрме — і бачым, што дым, але не зразумелі: ці то з коміна дым ідзе, ці то з-пад даху. А тады ўжо глядзім, што гарыць”.

(Іншая спадарыня: ) “З даху гарэла. Ад коміна з даху. Сьцены ж стаяць, а даху няма”.

(Карэспандэнт: ) “І колькі гадоў стаяла бібліятэка?”

(Няхай: ) “Напэўна, больш за дваццаць. Гадоў трыццаць. Даўнавата яна тут”.

(Спадарыня: ) “Няма фінансаў. Шыфэр спаўзаў. Ужо гады два яны нешта рашалі. Кроквы мяняць... Там усё згніло. Усё цягнулі, цягнулі… З-за чаго згарэла наша бібліятэка? А таму што нас ня крэпка паважаюць”.



Лядзінская бібліятэка належала Міністэрству культуры. Такіх бібліятэк, якія месьцяцца ў старых драўляных будынках, у Беларусі — процьма. Вясной і ўвосень у іх сыра, зімой — халодна. Бібліятэкары стаяць перад выбарам: працаваць у неспрыяльных умовах альбо звальняцца. Звальненьне пагражае беспрацоўем, і таму шмат хто трымаецца пасады. Трымалася за яе ў Лядах і Галіна Бабіч, якая мае двое непаўналетніх дзяцей. У яе хаце цяпер пануры настрой. Муж Аляксандар, які працуе ў тутэйшым лясьніцтве, апавядае:

(Бабіч: ) “Тапіць трэба было, бо грэцца трэба было. Ня будзеш сядзець там цэлы дзень у холадзе. Коміны абваленыя. Пажарнікі яшчэ ў жніўні лазілі наверх і напісалі, што нельга тапіць гэтыя печкі. А хіба гэта начальству трэба? Жонка пастаянна плакала”.

Уся вёска чакае афіцыйнага вэрдыкту ў пытаньні прычынаў пажару. Хто будзе абвінавачаны: бібліятэкарка альбо яе начальства? Дарэчы, меркаваньня на гэты конт самой Галіны я так і не пачуў — не сустрэўся зь ёй. Муж і дзеці казалі, што яна ў сельсавеце, а ў сельсавеце сьцьвярджалі, што бібліятэкарка дома. Безвыніковасьць пошукаў патлумачыла адна зь вясковак — сказала, што адмовіцца ад сустрэчы з карэспандэнтам “Свабоды” Галіне нараіла якраз начальства — маўляў, каб “не наклікаць бяды”.

Наагул жа, Ляды — паселішча старадаўняе. У архіўных крыніцах яно згадваецца ўпершыню ў XVIII стагодзьдзі.

(Жэня: ) “Раней на гэтым месцы быў лес. Лес гэты высеклі й на яго месцы пабудавалі вёску. І назвалі яе так: Ляды”, — паведаміў мне сяміклясьнік Жэня Паркалаў.

Большасьць жыхароў Лядаў пасялілася тут у савецкі час. І цяпер тут на паўтары сотні двароў — чатырыста вяскоўцаў.



А яшчэ, паводле Івана Няхая, тут самая вялікая ў раёне гаспадарка:

(Няхай: ) “Вось ад Дубнікоў наш калгас і да Бярэзінскага раёну. У той бок амаль ад шашы-“магілёўкі” і да Асіповіцкага раёну. Гэта значыцца, тут сем кілямэтраў і там кілямэтраў пятнаццаць ушыркі. І ў даўжыню больш як дваццаць кілямэтраў. Уся зямля бедная: балоты, гразь.Ураджайнасьць нізкая: сёлета, можа, было цэнтнэраў шаснаццаць, а то й менш”.

Паводле вяскоўцаў, гэткія памеры гаспадарка набыла пасьля нядаўняга “рэфармаваньня”. Два суседнія калгасы злучылі ў адзін і назвалі сельскагаспадарчым каапэратывам “Лядзінскі”. Як жывецца яго працаўнікам?

(Бабіч: ) “Тым ужо цяжка. Трэба круціцца. Калі няма нейкай дапамогі з боку, то цяжка. У калгасе шмат народу звальняецца — ня хочуць плаціць, дык ня хочуць і рабіць. Трактарысты звальняюцца. Жывёлаводы звальняюцца. Імкнуцца куды-небудзь, дзе плацяць”, — апавёў мне Васіль Бабіч, які працуе на мясцовай фэрме.

А вось Іван Няхай задаволены, што ўжо на пэнсіі і не залежыць ад вытворчых справаў гаспадаркі:

(Няхай: ) “Ой, якая тут гаспадарка — развалілася. Старшыня вось пабудзе, пабудуе дом і — уцячэ. Другі пабудуе дом і ўцячэ. Трэці пабыў выканаўцам абавязкаў, паглядзеў, што нічога ня будзе, і ўцёк у Асіповіцкі раён — там калгас малы і заможны. Тэхніку набыў”.

А вось Жаньне Гнечык да пэнсіі яшчэ далекавата. Яна працуе ў гаспадарцы паляводам:

(Гнечык: ) “Малая зарплата ў паляводаў. Нават мінімалка не выходзіць. Калі сотня выходзіць, калі 76 тысяч, калі 80. Вось такая палучка ў нас”.

(Гнечык: ) “Муж таксама працуе на фэрме. Атрымлівае мізер. Раней у сьлесараў былі аклады, а цяпер зрабілі ад малака. І атрымлівае 140 тысяч без выхадных. Так і жывём”.

(Карэспандэнт: ) “Як выжываеце?”

(Гнечык: ) “Цяжка, цяжка. Дзякуй старшыні, што хоць у лік зарплаты нейкага збожжа дадуць. Так і кормімся. Каб не купіла хату, здаецца б, выехала куды-небудзь на працу”.

Старшыня сельвыканкаму Алена Гамеза лічыць, аднак, што такія скаргі на дрэннае жыцьцё беспадстаўныя:

(Гамеза: ) “Нельга сказаць, што нізкія заробкі. Калі хто працуе, то заробкі атрымліваюць. І жывёлаводы добра, і мэханізатары. Цяпер жа ў гаспадарцы таксама зарплату плацяць. Калі яны не працуюць, альбо працуюць дзьве гадзіны ў суткі, то адпаведна ж і зарплата”.

Што тычыцца пэнсіянэраў, то яны “якасьць” жыцьця ў Лядах ацэньваюць па-рознаму. Напрыклад, Ніна Кукліцкая ёй не задаволеная:

(Кукліцкая: ) “Вось каб гэты Лукашэнка прыехаў у Ляды ды паглядзеў, як яны нас старых не даглядаюць. Усё ж такі мы на гэтай зямлі прапрацавалі”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы перажылі маразы?”

(Кукліцкая: ) “Перажыла, была хворай — дык сын даглядаў”.

(Карэспандэнт: ) “У хаце цёпла ці халодна?”

(Кукліцкая: ) “Дзе яно цёпла!”

Але ёсьць сярод лядзіцкіх пэнсіянэраў і асобы, задаволеныя рэчаіснасьцю:

(Аляксандар: ) “Цяпер добра жывецца. І электрычнасьць ёсьць, і тэлевізар”.

(Карэспандэнт: ) “А што вы пра выбары ведаеце?”

(Аляксандар: ) “Пра выбары? Начальнік камандуе добра, Лукашэнка”.

(Аляксей: ) “Што думаю пра выбары? Трэба ісьці ды галасаваць. Я жыву на востраве. Да нас мала навінаў даходзіць. Я дамасед”.

(Карэспандэнт: ) “Зразумела. Таму і ня ведаеце, хто ўдзельнічае ў выбарах”.

(Валянціна: ) “Лукашэнка, а хто ж яшчэ”.

(Аляксандар: ) “Я за тое, каб Лукашэнка і далей працаваў”.

Жывёлавод Васіль Бабіч так падсумаваў паінфармаванасьць аднавяскоўцаў пра выбары і прэтэндэнтаў на прэзыдэнта:

(Бабіч: ) “А нікога яны болей ня ведаюць. Яны і слухаць ня хочуць. Лукашэнка, і ўсё. За Лукашэнку, і ўсё. А так больш і не прызнаюць. Асабліва пэнсіянэры”.

Прынамсі, і сам Васіль ніводнага з магчымых супернікаў Лукашэнкі ня ведае. Бо ніхто, як вынікае зь яго тлумачэньня, пра іх у Лядах не распавядаў. А калгаснае ды сельсавецкае начальства толькі згадвае Лукашэнку. Паштарка Галіна Паркалава дадала, што вяскоўцы чытаюць толькі афіцыйную прэсу:

(Паркалава: ) “Советскую Белоруссию” у асноўным. Раёнку многа выпісвае. Пэнсіянэры, у якіх малая пэнсія, тыя раёнку. А якія бабулькі ня ўмеюць чытаць, нічога ня хочуць выпісваць. Бо ім і так ледзьве хапае на хлеб. Калгасьнікі газэтаў выпісваць ня хочуць. Зарплаты то няма, то маленькія”.

(Карэспандэнт: ) “А што людзі кажуць пра выбары?”

(Паркалава: ) “Усе за Лукашэнку”.

За Лукашэнку, паводле вяскоўцаў, у Лядах нядаўна зьбіраліся і подпісы. Гаворыць Іван Няхай:

(Няхай: ) “Хадзілі”.

(Карэспандэнт: ) “А хто хадзіў?”

(Няхай: ) “Хадзіла Няхай Алёна Міхайлаўна. Гэта сельсавецкі работнік. Яна прыносіла паперы: вось, калі ласка, падпісвайся”.

(Карэспандэнт: ) “За каго вы падпісаліся?”

(Няхай: ) “За Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “А яшчэ каго ведаеце?”

(Няхай: ) “З кандыдатаў?”

(Карэспандэнт: ) “Так”.

(Няхай: ) “Ды вось прызабыў”.

У сельвыканкаме ж сьцьвярджаюць, што ў Лядах зьбіралі подпісы сябры ініцыятыўнай групы Лукашэнкі. Гаворыць старшыня Алена Гамеза:

(Гамеза: ) “Ініцыятыўная група зьбірала подпісы”.

(Карэспанэнт: ) “Зь сельсавету альбо сябры яе прыяжджалі сюды?”

(Гамеза: ) “Прыяжджалі, зьбіралі”.

(Карэспандэнт: ) “З раёну?”

(Гамеза: ) “Так”.

Прозьвішчы зборшчыкаў спадарыня Гамеза назваць, аднак, адмовілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG