Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што пагражае беларускай мове?


Радыё Свабода Сёньня адзначаецца Міжнародны Дзень роднай мовы, вызначаны ЮНЭСКО 21 лютага 2000 году. Амаль паўстагодзьдзя таму з ініцыятывай заснаваньня падобнай даты выступіла Банглядэш, дзе, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. А які статус і месца беларускай мовы ў Беларусі?

Паводле Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, ледзьве не палова ад 6000 існуючых у сьвеце моваў пад пагрозай зьнікненьня. І хоць лічыцца, што дзеля захаваньня мовы дастаткова 10 тысяч яе актыўных носьбітаў, у Беларусі сытуацыя спэцыфічная. Толькі за апошні год зьліквідаваныя 152 сярэднія школы зь беларускамоўным навучаньнем, зачынены прэстыжны Нацыянальны гуманітарны коласаўскі ліцэй, абсалютная бальшыня ВНУ пераведзена на расейскамоўнае навучаньне.

Вясковая настаўніца Ларыса Казлоўская са Смаргоншчыны прычыны такога стаўленьня да роднай мовы бачыць у памылковай, на ейнае перакананьне, практыцы ўзаконенага дзьвюхмоўя ў краіне, дзе цягам стагодзьдзяў беларускую мову выціскалі іншымі.

(Казлоўская: ) “Яшчэ па вёсках сытуацыя туды-сюды, на вёсках беларуская мова “загнаная” яшчэ ня так. А ў гарадах вазьміце, што робіцца? Нават Смаргоні ўжо такія. Альбо едуць нашыя на працу ў Маладэчна. Прыпынкі Заскавічы, Пруды. Ад Залесься да Заскавічаў яшчэ гавораць па-беларуску, да першага прыпынку. Як прыпынак пераедуць, пачынаюць па-расейску. Дык што гэта — ня хочуць беларусамі быць? Хочуць расейцамі выглядаць, гэта нібыта куды лепей. І што зробіш? Мабыць, рэч у тым, што пытаньне так пастаўленае — дзьвюхмоўе, што хочаш, тое і выбірай”.

Адмыслоўцы канстатуюць, што беларускую мову больш шануюць у замежжы, чым у самой Беларусі. Расказвае адзін з актыўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чыкага Ванкарэм Нікіфаровіч, які жыве ў ЗША ад 1993 году.

(Нікіфаровіч: ) “У той хвалі эміграцыі, якая сюды прыехала ў апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў, многія зь беларусаў працягваюць цікавіцца і беларускай духоўнасьцю, і культурай. Многія і мову ведаюць, многія вучыліся ў беларускіх школах. Так што, калі зьбірае імпрэзы асацыяцыя “Землякі” (а ёсьць і беларускае зямляцтва), то ўвесь час гучаць беларускія песьні, рыхтуюцца спэцыяльныя праграмы, дэманструюцца ўрыўкі зь відэа-, кінафільмаў. Так што цікавасьць да ўсяго беларускага вельмі вялікая”.

У Беларусі ад сярэдзіны 1990-х хваля нацыянальнага адраджэньня, якая суправаджалася актыўным вяртаньнем беларускай мовы ў шырокі ўжытак, была спыненая прэзыдэнцкай ініцыятывай аб наданьні статусу дзяржаўнай і расейскай мове. Татальная русіфікацыя адбылася ва ўладных структурах, у электронных і друкаваных СМІ ды ў іншых сфэрах. Праз трансьляцыю расейскіх тэлеканалаў публіку выхоўваюць на ўсім спэктры расейскіх забаўляльных шоў. Лідэр этнагурту “Палац” Алег Хаменка кажа, што падобныя густы фармуюцца на дзяржаўным узроўні.

(Хаменка: ) “Паглядзіце тэлевізар — каго бачаць, на таго і ідуць. Мабыць, трэба і на тэлебачаньне перанесьці тое, што ўлады прапанавалі для радыё — каб на ўсіх каналах, якія гледачы бачаць у Беларусі, былі беларускія выканаўцы. Гэта спрабуюць рабіць, але чым? Сьпяваюць расейскамоўныя песьні беларускія выканаўцы, хлопчыкі і дзяўчаткі, якія мараць пра Маскву. Таму і капіююць алегравых, газманавых, мэладзэ і г.д.”.

На такім тле інтарэс да беларускай мовы выяўляюць рэклямадаўцы. Тэлевізійная і газэтная рэкляма, вулічныя біг-борды ўсё часьцей зьвяртаюцца да беларускай мовы. Літаральна за апошні год буйныя ўсясьветныя канцэрны, сярод якіх “Samsung”, “Panasonic”, “Coca-Cola”, “Mitsubishi” загаварылі са спажыўцамі па-беларуску.
XS
SM
MD
LG