Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“На хіміі” Андрэй Клімаў пачаў пісаць новую кнігу


Радыё Свабода Палітычны вязень Андрэй Клімаў, накіраваны на новае месца пакараньня ў вёску Баршчоўка Рэчыцкага раёну, пакуль застаецца бяз працы. Сёньня ён пачаў пісаць новую кнігу — ужо шостую.

Адміністрацыя баршчоўскай папраўчай установы мела намер уладкаваць былога бізнэсоўца і палітыка Клімава вартаўніком вясковай праваслаўнай царквы. Пра гэта, прынамсі, заяўляў намесьнік начальніка ўстановы Аляксандар Надточый. Аднак з працаўладкаваньнем пакуль нічога не атрымалася. Сам спадар Клімаў з павагаю ставіцца да прапановы адміністрацыі.

(Клімаў: ) “Любую працу ў царкве я палічу за гонар. Любую! Мне было сказана: калі ня будзе магчымасьці знайсьці працу ў вёсцы, то будзе ставіцца пытаньне перад кіраўніцтвам управы выкананьня пакараньняў абласной міліцыі, каб мне дазволілі працаваць у Рэчыцы альбо Гомелі. На ранейшай “хіміі” я быў дворнікам у кінатэатры. Шчыра кажучы, я не баюся ніякай працы. Я проста хачу дажыць да 19-га, да выбараў. Я б хацеў ня стаць куском мяса для гэтага рэжыму, страшылкай электарату”, — сказаў Андрэй Клімаў.

Каб не сядзець бяз справы, ён распачаў працу над новай кнігай. Завяршыць яе мяркуе да сьнежня — дня заканчэньня абмежаваньня волі.

(Клімаў: ) “Першае, што я зрабіў — дастаў ноўтбук і ўзяўся за працу. Я адышоў ад звыклай манеры эпатажу, прывязваньня тэксту да тых падзеяў, якія адбываюцца. Усё, што кладзецца на паперу, павінна ня толькі чытацца наступнымі пакаленьнямі, але і ўспрымацца як досьвед духоўнай барацьбы з тымі слабасьцямі чалавека, якія перасьледуюць яго цягам жыцьця. Магчыма, кніга будзе пра гэта”.

На думку палітычнага вязьня, цяперашнія падзеі ў Беларусі таксама могуць увайсьці ў гісторыю цывілізацыі як этап разьвіцьця маладога грамадзтва, пераходу яго са стагодзьдзя таталітарызму ў стагодзьдзе асьветнай дэмакратыі. Што да назвы кнігі, то былі розныя варыянты:

(Клімаў: ) “Калі я быў у Крупках, у мяне было некалькі рабочых назваў — “На скрыжаваньні”, “Споведзь крупскага пустэльніка”. У сувязі зь пераездам я ў разгубленасьці. Не называць жа мне гэтую кнігу “Баршчоўскі летуценьнік!”

Андрэя Клімава пакаралі “хіміяй” за арганізацыю несанкцыянаванай вулічнай акцыі летась на Дзень Волі. Раней за арганізацыю акцыяў пратэсту накіравалі на “хімію” апазыцыянэраў Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца.
XS
SM
MD
LG