Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Дзеючая ўлада нас аблажыла, як тых ваўкоў... Гэта ўсяго толькі сьцяжкі, і іх трэба пераадолець".


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 21 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Хачу адказаць сам сабе на пытаньне: чым адрозьніваецца апазыцыя ад дзеючай улады, і ня толькі апазыцыя, але і сродкі інфармацыі, у тым ліку і паважанае Радыё Свабода.

У дзеючай улады ёсьць два такія інструмэнты: першае, праводзяцца так званыя зачысткі; і другое, што ўлада ўсё трымае, так бы мовіць, пад наглядам, усё адсочвае, трымае пад кантролем. Што ў гэтым пляне апазыцыя і сродкі інфармацыі? Вось “Свабода” паведаміла, што ў Берасьці затрымалі зборшчыцу подпісаў за Лукашэнку, здалі ў міліцыю. І на гэтым усё, лёс гэтага паведамленьня не адсочваецца. Вось сказалі, што Казулін патрабуе ўзбудзіць крымінальную справу супраць нападнікаў. Ужо прайшло два дні, сёньня нагадвалі пра Казуліна, а пра гэты інцыдэнт узгадаць забыліся. Што там з гэтым пазовам у пракуратуру? І так дзе ні вазьмі. А ўлада, у адрозьненьні ад апазыцыі і сродкаў масавай інфармацыі, адсочвае і даводзіць любую пачатую справу да нейкага лягічнага завяршэньня.

Яшчэ хачу падзяліцца са слухачамі тымі ўражаньнямі, якія я атрымаў на плошчы перад Палацам Рэспублікі, калі выйшлі ўладальнікі пасьведчаньняў кандыдата ў прэзыдэнты. Асабліва ўразілі ўчынкі Казуліна. На пачатку мне падалося, што ён як мядзьведзь раскінуў абступіўшую яго ахову ў нейкіх спартовых чорных куртках, якія не дапускалі да яго ягоных прыхільнікаў. Але калі я па Радыё Свабода пачуў аб тым выпадку, які адбыўся далей, калі яго не пускала ўжо другая ахова ў гэты будынак праводзіць канфэрэнцыю, то ў мяне зьявіўся ў памяці такі вобраз, калі паляўнічыя абкладваюць ваўкоў чырвонымі сьцяжкамі, і калі ваўкі гэта ўспрымаюць як нейкую перашкоду. Дык вось у гэтым выпадку Казулін паступіў як мудры чалавек і пераадолеў гэтую чырвона-сьцяжковую перашкоду. Так, я назіраў, дзейнічалі і шараговыя менчукі, калі ахова не падпускала іх на плошчу.

Дзеючая ўлада нас аблажыла як тых ваўкоў. Хаця гэты зьвер надта разумны, але ён ня можа пераадолець страху перад гэтымі чырвонымі сьцяжкамі, якімі яго абкладваюць паляўнічыя. Ён у гэтым выпадку геній. Я заклікаю да таго, што гэта ўсяго толькі сьцяжкі, і іх трэба пераадолець, і будзе ў нас свабода!”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, Радыё Свабода! У мяне пытаньне. Чаму, калі размалявалі мэмарыял Курапаты, то вядучыя вашага радыё падавалі гэта як вандалізм і гаварылі пра тое, што вандалаў неабходна пакараць. А калі дзіця размалёўвае сьцены будынкаў у горадзе, то гэта падаеце як графіці. І калі пакаралі гэтых “мастакоў”, то падаеце гэта, як быццам яны палітычныя вязьні. У маім разуменьні, гэта тое самае – вандалізм ці то на мэмарыяле, ці то на сьценах будынкаў. А як прыемна жыць у чыстым, прыгожым горадзе! Калі ня так я што разумею, то прашу патлумачыць, у чым я памыляюся”.

(Спадар: ) “Маё меркаваньне такое. Улада не такая моцная, як яна хоча сябе паказаць. Мне здаецца, што Лукашэнка вельмі баіцца. А праблема ў тым, што ўвесь наш народ, мы ўсе ў сябе ня верым. І давайце так проста выйдзем 20-га туды, куды трэба – на плошчу. Праблема толькі ў нас саміх”.

(Спадарыня: ) “Ваш актыўны ціск у эфіры на наш народ кажа пра тое, што вы ўваходзіце ў склад банды франкмасонаў. А іх мэты ў тым, каб на чале нашай Беларусі паставіць свайго чалавека, а потым разбураць краіну знутры, як гэта яны зрабілі ва Ўкраіне, Грузіі, Кіргізіі. Добра, што абламалі зубы ў Іраку, але масонаў гэта не спыняе, і яны скаляць зубы на Іран і Беларусь”.

(Спадарыня, Ліда: ) “Казулін і Гайдукевіч размаўляюць па-расейску. Гэта вельмі сумна для нас. Што гэта за прэзыдэнт, калі ён размаўляе па-расейску? Як ён можа быць добрым? Мы хочам, каб яны размаўлялі па-беларуску, але лепей, каб яны саступілі Мілінкевічу дарогу і дапамагалі яму”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Хачу задаць пытаньне Алесю Мілінкевічу і Аляксандру Казуліну. Што вы думаеце, каб усе ўказы да 1996 году адмяніць, правесьці дэмакратычныя выбары ў Вярхоўны Савет, вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году? Вярхоўны Савет абавязаны прыняць закон на 40 год. Ніякія рэфэрэндумы ня маюць права адмяніць дадзены закон. Любы авантурыст-прэзыдэнт, калі і вырашыць адмяніць дадзены закон, аўтаматычна будзе лічыцца злачынцам Беларусі”.

(Спадар: ) “Хачу зьвярнуць увагу вось на якую акалічнасьць. Не зьяўляецца сакрэтам, што ўлада разьлічвае на перамогу ў выбарчым працэсе пры стоадсоткавай фальсыфікацыі падліку галасоў выбаршчыкаў, пры гэтым зрабіўшы злачынцамі каля 30 тысяч грамадзян, што працуюць у выбарчых камісіях. Але пытаньне ў іншым. Як павінен паводзіць сябе шараговы грамадзянін, каб не адчуваць сябе патэнцыйна абдураным ды не гуляць у гульні авантурыстаў?”

(Выкладчык: ) “Калі знаёмлю школьнікаў з культурай маўленьня, зьвяртаю звычайна ўвагу на тыя недакладнасьці, якія ёсьць у афармленьні гораду, выступах, у друку і г.д. Не хацелася б прыводзіць у якасьці прыкладаў вітаньне, якое гучыць з вуснаў журналісткі Курс: “Добрай раніцы!” – настойліва паўтарае яна. Прашу адказаць журналістку, па якой прычыне і калі замацавалася гэта, на яе погляд, у нашай літаратурнай мове і ці магчыма вярнуцца да спрадвечнага беларускага вітаньня “Добры дзень”?”

(Спадар: ) “Я на свае вушы чуў, як кіраўнік расейскай падліковай палаты заявіў па расейскаму радыё, што калі Лукашэнка не аддасьць расейскім алігархам беларускую газатранспартную сыстэму, то Расея ўздыме цэны на газ для Беларусі да сусьветнага ўзроўню! Хочуць адабраць алігархі самую прыбытковую галіну беларускай эканомікі. Вось гэта дык братэрскія адносіны! А што кажуць на гэта прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду, у тым ліку і сам Лукашэнка?”

(Бартось Марыя Іванаўна: ) “Хачу сказаць перад выбарамі. Як бы Ярмошына ня пэцкала нас усіх падрад, ня будзе так, як сказала Ярмошына! Аляксандар Рыгоравіч толькі гаворыць, каб узяліся за райвыканкамы. Такімі яны і застануцца, хочуць душыць да канца. Але ня будзе гэтага! Мы пойдзем усе за тымі, хто кажа праўду. Пойдзем за Мілінкевічам, пойдзем за Казуліным, пойдзем на вуліцы!”

(Спадар: ) “Я пэнсіянэр, зьвяртаюся да пэнсіянэраў. Спадары пэнсіянэры, трэба галасаваць за таго кандыдата, які здыме кантрактную сыстэму, калі стане прэзыдэнтам. Таму што, калі кантрактная сыстэма будзе і далей, то нашыя дзеці і ўнукі будуць выкінутыя на вуліцу. Як уладкавацца на працу, калі скончыцца кантракт? Мала зараз працоўных месцаў. А калі будзе болей, тады можна ўводзіць кантрактную сыстэму.

Таксама хачу зьвярнуцца да Мілінкевіча. Што ён будзе рабіць з коштамі? Ня трэба дадаваць гэтыя падачкі да пэнсіяў, а трэба кошты зьнізіць хаця б на 30 адсоткаў, бо немагчыма ўжо так жыць!”

(Інвалід, Гомель: ) “19-га я пабыў на сустрэчы зь Мілінкевічам. Поўнае расчараваньне. Ніякай праграмы, нічога зразумелага не сказаў, што і як ён будзе рабіць, калі стане прэзыдэнтам. Адны павярхоўныя славесныя пустыя разважаньні. Сёньня 20-га “Свабода” паказала ў сваёй перадачы агульны сэнс і настрой людзей. Ён не адказваў канкрэтна ні на адно пытаньне. Ні каманды, ні праграмы… Такі прэзыдэнт краіне не патрэбны! Гэта меркаваньне абсалютнай большасьці прысутных. Глупства ўсё гэта! Так нельга рыхтавацца стаць прэзыдэнтам!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG