Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зацікаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі ў ценявым бізнэсе?


Радыё Свабода Агляд незалежнай прэсы за 21 лютага

“БДГ. Деловая газета” разважае над пытаньнем, чаму дзяржаўныя чыноўнікі зацікаўленыя ў ценявым бізнэсе? Журналісты робяць выснову, што змагацца зь пірацтвам у Беларусі ніхто ўсур’ёз не зьбіраўся. “Асобныя прававыя акты патрэбныя толькі для таго, каб палітыка краіны фармальна адпавядала асобным міжнародным патрабаваньням,” -- канстатуе тыднёвік.

Сталая рубрыка газэты “Гучная справа” сёньня падае падрабязнасьці да суду Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта супраць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

“Змагацца будзем у гэтым годзе!” – такую заяву зрабіў у інтэрвію тыднёвіку пробашч Чырвонага касьцёлу ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Ён расказвае пра кампанію па вылучэньні Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію.

Сёньня “Витебский курьер” паведамляе: у рэгіёне пачала працаваць місія назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека. Паводле выданьня, прадстаўнікі розных краінаў застануцца ў Беларусі па 21 сакавіка.

Піша тыднёвік і пра пачатак агітацыйнай кампаніі ў рэгіёне. Сябры ініцыятыўных групаў Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна ізноў пойдуць “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, арганізуюць пікеты і напоўняць паштовыя скрыні друкаванымі агіткамі.

Незарэгістраваная газэты “Вольны горад” друкуе сёньня артыкул “Бандыцкі Крычаў”. З падрабязнасьцямі да тэмы – рэдактар Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) “На мінулым тыдні ў Крычаве супрацоўнікі магілёўскай міліцыі затрымалі банду маладых хлопцаў. Бандыты рабавалі пераважна мужчынаў – адбіралі гарэлку, каўбасу і грошы. Паводле аўтара, мясцовая міліцыя ізноў нічога не зрабіла, і давялося выклікаць апэратыўнікаў з Магілёву”.

Менш як два месяцы таму Радыё Свабода паведамляла пра прысуд іншай крычаўскай бандзе зь дзесяці чалавек. Паводле прыватнага вызначэньня суду, супрацоўнікі крычаўскай міліцыі не рэгістравалі асобныя злачынствы й інфармавалі злачынцаў пра звароты пацярпелых.
XS
SM
MD
LG