Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія працадаўцы дыскрымінуюць работнікаў паводле полу й узросту


Радыё Свабода Міжнародная арганізацыя працы не рэкамэндуе друкаваць абвесткі аб працоўных вакансіях, дзе ёсьць дыскрымінацыя паводле расы, колеру скуры, полу, ўзросту, рэлігіі, палітычных перакананьняў, паходжаньня ці сэксуальнай арыентацыі. Аднак у Беларусі працадаўцы працягваюць зьмяшчаць абвесткі, дыскрымінацыйныя паводле полу й узросту.

У выданьнях “Работа для Вас” і “З рук у рукі” прыкладна палова абвестак утрымлівае патрабаваньні, якія датычаць полу і ўзросту будучага работніка. Ды і ў размовах людзі часта скардзяцца, што ім цяжка знайсьці працу з-за ўзросту ці полу.

(Жанчына: ) “Мне дапамагла мая жаноцкасьць! (Карэспандэнтка: ) “Вы спадабаліся начальніку?” (Жанчына: ) “Я добра наладзіла размову і давяла яму, што ня горш за любога мужчыну, а можа, і лепшая”. (Хлапец: ) “Чалавек у сорак гадоў можа ня ведаць таго, што я ведаю ў свае васямнаццаць. Можа, ён і працаваць так ня будзе. А мне, калі мяне возьмуць на такую працу, дык я ж буду старацца!” (Жанчына: ) “Калісьці я засталася адна з дачушкай. Мы выжылі. Трэба проста працаваць”. (Стары чалавек: ) “Мужчына павінны працаваць, бо жанчыне і так шмат працы дома”. (Мужчына: ) “Жонка мая званіла па абвестках, шукала працы. “Патрабуецца кладаўшчыца”. І там патрэбныя людзі да 35 гадоў з вышэйшай адукацыяй. Нахалеры кладаўшчыцы вышэйшая адукацыя? Я сам з гадзіньнікавага заводу. Ён дохне. Не зашкодзіла б працу пашукаць. Але як пачуюць пра ўзрост – да пабачэньня. Мне 52 гады. У мяне высокая кваліфікацыя”.

Спадар з гадзіньнікавага заводу лічыць, што такая патрабавальнасьць наймальнікаў выкліканая вялікай колькасьцю беспрацоўных. Чалавеку за 35 гадоў, чалавеку без вышэйшай адукацыі, а таксама маладой жанчыне цяжка нават проста знайсьці ці зьмяніць працу, не кажучы пра нейкую самарэалізацыю ці кар’еру.

Наймальнікі тлумачаць сваё нежаданьне браць на працу жанчын або людзей пасьля трыццаці клопатам пра іхнае здароўе. Вось прыклад: “аптовая фірма запрашае на кіраўнічую працу мужчын да 35-ці”:

(Мэнэджэр па пэрсаналу: ) “Мы арыентуемся на мужчын. Склад у нас далёкі й халодны. Некамфортна. Досьвед паказвае, што жанчыны ў нас не трымаюцца доўга”.

Надзея, інспэктарка Менскага гарадзкога цэнтру занятасьці, малюе партрэт сярэдняга беспрацоўнага:

(Інспэктарка:) “Жанчына трохі за 30, без мужа, дзяцей, зь сярэдняй адукацыяй. Мы лічым, і закон лічыць гэта дыскрымінацыяй паводле полу і ўзросту. Чым больш фірма салідная, тым меней яна зьвяртае ўвагі на гэтыя цэнзы”.

Кіраўніца Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар кажа, што сытуацыя на рынку працы яшчэ больш трывожная, чым відаць з газэтных абвестак.

(Жыхар:) “Шмат наймальнікаў могуць гэтага не пісаць, але мець на ўвазе. Працаздольны чалавечы рэсурс выгарае на непрафэсійнай працы. Людзі хочуць працаваць, зарабляць на якаснае жыцьцё. Але, на жаль, праблема рынку працы існуе для ўсіх працаздольных людзей у Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG