Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што Мілінкевіч гаварыў з жыхарамі Рэчыцы?


Радыё Свабода Сёньня завяршылася першая перадвыбарчая паездка Аляександра Мілінкевіча ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта па Магілёўшчыне і Гомельшчыне. У панядзелак спадар Мілінкевіч сустрэўся з жыхарамі Рэчыцы ў гарадзкім Палацы культуры. На сустрэчы пабываў наш карэспандэнт.

Аляксандар Мілінкевіч не выступаў з асаблівымі перадвыбарчымі абяцанкамі. Ён казаў перш за ўсё пра тое, якія пэрспэктывы будзе мець Беларусь, калі вернецца на шлях дэмакратыі і эканамічных рэформаў, вырвецца зь міжнароднай самаізаляцыі.

Сярод іншага спадар Мілінкевіч заявіў, што апазыцыя ніколі не заклікала да эканамічнай блякады і санкцыяў супраць Беларусі, што першым ягоным указам пасьля перамогі на выбарах стане скасаваньне кантрактнай сыстэмы, і што пры новай уладзе Беларусь будзе безь дзяржаўнай ідэалёгіі ды манаполіі на ўладу ў руках адной асобы:

(Мілінкевіч: ) “Як толькі стану прэзыдэнтам, я пачну працэс пазбаўленьня прэзыдэнта імпэратарскіх паўнамоцтваў”.

На пытаньне пра Ўсебеларускі народны сход 2–3 сакавіка спадар Мілінкевіч заявіў:

(Мілінкевіч: ) “Калі няма сапраўднай дэмакратыі, выдумляюць псэўдадэмакратыю. Я лічу, што гэта незаконна і ня мае канстытуцыйнай сілы. Я думаю, што прыедуць людзі, якія будуць прасіць, каб ён назаўсёды застаўся ля ўлады і каб пасьля яго краінай кіраваў ягоны старэйшы сын”.

Рэакцыя на выступ спадара Мілінкевіча была рознай, некаторыя выказвалі недавер, іншыя – зычылі посьпеху:

(Спадарыня: ) “Жадаю, каб адбылося тое, аб чым мы ўсе марым, каб быў выбраны прэзыдэнтам Мілінкевіч”.

(Спадар: ) “Я іншую думку маю. Адкуль ён загадзя ўзяў, што выбары будуць сфальшаваныя. Гэта прызнаньне свайго поўнага краху”.

(Іншая спадарыня: ) “Такі прыемны чалавек, што я б на яго век глядзела і слухала. І мы марым, што наша Беларусь будзе жыць па законах мудрасьці, шчасьця і справядлівасьці”.

Спадар Мілінкевіч задаволены вынікамі сваіх першых перадвыбарчых сустрэчаў, хаця і прызнае, што да даты выбараў ня ўдасца аб’ехаць усе гарады.

(Мілінкевіч: ) “Галоўнае даць такі імпульс, а будуць працаваць нашыя групы ініцыятыўныя. Ёсьць раздатачныя матэрыялы. Я лічу, што інфармацыя ўсё ж дойдзе. А больш за ўсё цяпер працуе “народны тэлефон” – я адчуваю, што я прыяжджаю у адзін райцэнтар, а ў суседнім аб гэтым гавораць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG