Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікам АБСЭ рэкамэндавана цёпла апрануцца і ўзяць ліхтарыкі


Радыё Свабода, Менск Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ выдала рэкамэндацыі для сваіх кароткатэрміновых назіральнікаў за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Нагадаем, цяпер назіральная місія складаецца з 10 асноўных экспэртаў, якія знаходзяцца ў Менску і 38 доўгатэрміновых назіральнікаў па ўсёй Беларусі. У сярэдзіне сакавіка чакаецца прыбыцьцё яшчэ 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія ў камандах з двух чалавек прыступяць да маніторынгу выбараў па ўсёй краіне.

Бюро дэмакратычных інстытутаў папярэджвае назіральнікаў, якія прыедуць з краін АБСЭ, што іх чакаюць адносна сьціплыя ўмовы пражываньня ў Беларусі.

У рэкамэндацыях гаворыцца, што ў пэўных месцах магчымы недахоп электрычнасьці і ацяпленьня. Таму назіральнікі мусяць узяць з сабой ліхтарыкі з запасной лямпачкай і батарэйкамі, неабходныя мэдыкамэнты, зімовае адзеньне, у тым ліку для сну.

У сувязі зь абмежаванай колькасьцю рэгулярных палётаў у Менск, Бюро рэкамэндуе загадзя паклапаціцца пра самалётныя квіткі.

Усе каманды назіральнікаў будуць мець у распараджэньні аўтамабіль і перакладчыка, каб спаўна мець доступ да інфармацыі і назіраньня за выбарамі.

Таксама назіральнікам рэкамэндуецца мець наяўныя грошы ў эўра, пажадана новыя банкноты, паколькі ў Беларусі часам бывае цяжка абмяняць старыя. Таксама найлепш мець іх у малым намінале.

Назіральнікаў таксама папярэджваюць, што яны павінны зарэгістравацца па месцы знаходжаньня, перш чым пачаць назіраньне.

Кожны з удзельнікаў місіі мусіць захоўваць адмысловы кодэкс паводзінаў назіральніка Бюро дэмакратычных інстытутаў. У гэтай сувязі Бюро пакідае за сабой права адхіліць любога назіральніка, які парушыць прынцып аб''ектыўнасьці і бесстароннасьці. Выніковая справаздача назіраньня выйдзе прыблізна праз два месяцы пасьля завяршэньня выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG