Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская апазыцыя вінаваціць урад у "гульнях з Лукашэнкам"


Тацяна Поклад, Вільня Лідэр літоўскай парлямэнцкай апазыцыі Андрус Кубілюс сёньня скрытыкаваў літоўскі ўрад за непасьлядоўнасьць у падтрымцы дэмакратычных працэсаў у Беларусі, “гульні з адміністрацыяй Лукашэнкі” і двайныя стандарты ў дачыненьнях зь беларускімі ўладамі.

Сёньня ў традыцыйным інтэрвію з прадстаўнікамі апазыцыі на літоўскім радыё Навінаў (“Žinių radijas”) значная ўвага надавалася беларускай тэме.

Лідэр апазыцыі ў кіраўніцтве літоўскага Сойму Андрус Кубілюс, дэпутат ад партыі кансэрватараў “Саюз Айчыны” ізноў скрытыкаваў палітыку літоўскага ўраду ў дачыненьні да Беларусі:

(Кубілюс: ) “Я думаю, што літоўская афіцыйная ўлада і ў пэўным сэнсе літоўская дыпляматыя заблыталіся ў тым, што яны жадаюць і да чаго імкнуцца ў дачыненьнях зь Беларусьсю.

З аднаго боку – Захаду – мы спрабуем паказаць сябе такім чынам, што мы вялікія абаронцы дэмакратыі Беларусі – і часам робім насамрэч добрыя крокі, – як да прыкладу, тое, што паводле ініцыятывы Літвы адбыліся сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча ў розных інстытуцыях Эўразьвязу. Але зь іншага боку, кіраўніцтва нашага ўраду спрабуе паказаць беларускаму ўраду, што гэта нібыта ініцыятыва асобных міністэрстваў”.

А.Кубілюс адзначыў, што “такая палітыка балянсаваньня спрычынілася да таго, што на Захадзе не разумеюць, якой зьяўляецца сапраўдная пазыцыя Літвы ў пытаньні Беларусі”. Прэм''ер-міністар Літвы А.Бразаўскас раней ня раз адзначаў, што Літва асобна разглядае палітычныя і эканамічныя дачыненьні зь Беларусьсю.

(Кубілюс: ) “Літва павінна вельмі ясна заявіць, на чыім яна баку. І гэтая гульня з адміністрацыяй Лукашэнкі са спадзевам, што такімі гульнямі можна нечага дасягнуць, нікуды ня вядзе. У палітычным сэнсе дакладна нікуды ня вядзе, а ў сэнсе гэтак званага прагматычнага, эканамічнага інтарэсу – мы тут таксама шмат ня выйграем”.

Лідэр апазыцыі А.Кубілюс зьяўляецца таксама сябрам парлямэнцкай групы “За дэмакратычную Беларусь”. Нягледзячы на тое, што “аглядальнікі ахрысьцілі будучыя беларускія выбары "шоў Лукашэнкі"”, паводле А.Кубілюса, літоўскія парлямэнтары павінны ехаць назіральнікамі на выбары ў Беларусі на знак салідарнасьці зь беларускай апазыцыяй.

(Кубілюс: ) “Напэўна ўсе мы разумеем, што шмат ня зьменім у сытуацыі, але мусім прадугледзець доўгатэрміновыя мэты. Літва павінна асабліва актыўна дзейнічаць ня толькі ў дачыненьнях зь беларускай апазыцыяй, але дзейнічаць і на Захадзе, выкарыстоўваць сваё сяброўства ў Эўразьвязе, НАТО, сваё стратэгічнае партнэрства з ЗША, і вельмі ясна паказваць, што калі ёсьць жаданьне спрыяць зьменам у Беларусі, каб у Беларусь прыйшла дэмакратыя, у тое трэба інвэставаць. Дапамога, падтрымка павінна быць дзейснай”.
XS
SM
MD
LG