Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны польскі журналіст: "мне пагражалі ўжываньнем сілы"


Радыё Свабода Як мы ўжо паведамлялі, учора зь Беларусі быў дэпартаваны карэспандэнт польскай "Gazety Wyborczej" Вацлаў Радзівіновіч. Ён ехаў у Беларусь для асьвятленьня прэзыдэнцкіх выбараў, у прыватнасьці, меў намер ўзяць інтэрвію ў Аляксандра Лукашэнкі.

Вацлаў Радзівіновіч шматкроць быў у Беларусі, асьвятляў важнейшыя палітычныя і грамадзкія падзеі з жыцьця краіны цягам апошніх некалькіх гадоў.

Гэтым разам на гарадзенскім вакзале супрацоўнікі беларускіх службаў у цывільным, нягледзячы на сапраўдны пашпарт, валідную візу і акрэдытацыю, заявілі спадару Радзівіновічу, што "ўезд у Беларусь яму забаронены" і, папярэдзіўшы, што ў выпадку супраціву будзе выкліканая міліцыя, пасадзілі журналіста ў бліжэйшы цягнік да Варшавы.

У інтэрвію Радыё Свабода Вацлаў Радзівіновіч заявіў:

(Радзівіновіч: ) "Мяне павярнулі назад без тлумачэньняў прычынаў. Мне пагражалі ўжываньнем сілы. Ня ведаю, які зараз у мяне статус. Ці здолею я ізноў ехаць у Беларусь, ці калі я паспрабую гэта зрабіць, мяне ізноў абвінавацяць у нейкіх жахлівых рэчах. Мне зразумела, што беларуская ўлада ня хоча сьведкаў, і можна чакаць, што таксама і іншых журналістаў зь якіх бы то ні было прычынаў ня будуць пускаць у Беларусь".

Карэспандэнт "Gazety Wyborczej" мяркуе, што замежныя журналісты надзвычай нявыгадныя Лукашэнку, бо ад іх сьвет можа даведацца пра канкрэтныя доказы недэмакратычнага характару выбараў у Беларусі.

(Радзівіновіч: ) "Такія выбары, у якіх вынікі можна вызначыць папярэдне, нязручна паказваць сьвету. У сувязі з гэтым у Беларусі нядаўна былі ўведзеныя новыя абмежаваньні ў заканадаўства пра знаходжаньне замежнікаў на яе тэрыторыі. Існуе сьпіс прыблізна 40 тысячаў людзей, якім забаронены ўезд у Беларусь. На якой бы то ні было падставе можна замежнікам адмовіць у праве на ўезд, нават калі ў яго дзейная віза і акрэдытацыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG