Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагаршаецца стан здароўя Скрабца


Радыё Свабода Здароўе Сяргея Скрабца пагоршылася. Пра гэта Радыё Свабода сёньня паведаміла жонка былога дэпутата Аляксандра Скрабец. Яна перадала мужу ў сьледчы ізалятар лекі і акуляры.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец, які 14 лютага быў асуджаны на два з паловай гады зьняволеньня, па-ранейшаму знаходзіцца ў менскім часовым сьледчым ізалятары. Тут ён будзе ўтрымлівацца да таго часу, пакуль улады не вызначаць, дзе дакладна Скрабец будзе адбываць тэрмін зьняволеньня.

Жонка Скрабца, Аляксандра, 21 лютага зьбіраецца падаць прашэньне, каб мужа пакінулі ў Менску. Яна, прафэсійны лекар, лічыць, што Сяргей сапсаваў сваё здароўе празь некалькі доўгатэрміновых галадовак. З гэтай прычыны сваякі былога парлямэнтара хацелі б, каб ён адбываў пакараньне ў сталіцы: тут лягчэй перадаваць лекі, калярыйныя прадукты харчаваньня. Тым больш, што апошнім часам стан здароўя экс-дэпутата пагоршыўся, – цьвердзіць Аляксандра Скрабец:

(А.Скрабец: ) "Мы яму сёньня перадавалі лекі, вітаміны. У яго вельмі пагоршыўся зрок, і мы яму купілі акуляры".

Спадарыня Скрабец гаворыць, што яе муж раней ніколі не карыстаўся акулярамі. Як лічыць жонка, гэта вынік галадаваньняў і нэрвовых перагрузак.

Сяргея Скрабца днямі ў ізалятары наведалі ягоныя бацькі і дачка. Паводле іх уражаньня, ён, нягледзячы на паграшэньне здароўя, па-ранейшаму духоўна ня зломлены – актыўна цікавіцца хадой выбарчай кампаніі. Аляксандра Скрабец гаворыць, што сваякі рады за Сяргея.

(А.Скрабец: ) "Гавораць, што так – трымаецца!"

Сяргей Скрабец, калі ён зьняўся з выбарчай гонкі, заклікаў сваіх прыхільнікаў падтрымаць Аляксандра Казуліна. Сёньня я пацікавіўся ў кіраўніка ініцыятыўнай групы Скрабца Сяргея Галаганюка, ці супрацоўнічае ягоная каманда з кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным? Спадар Галаганюк заяўляе, што супрацоўніцтва існуе:

(Галаганюк: ) "Працуем зь ім шчыра. Па праграме іхнага штабу. Агітуем. Людзей сваіх далучаем..."
XS
SM
MD
LG