Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня выканаў плян па замежных турыстах – страціш ліцэнзію


Радыё Свабода У 2005 годзе Міністэрства спорту і турызму анулявала 198 ліцэнзій на ажыцьцяўленьне турыстычнай дзейнасьці. Адмыслоўцы не выключаюць, што ўжо бліжэйшым часам гэтая лічба будзе істотна адкарэктаваная. У адпаведнасьці з распараджэньнем упраўленьня турызму згаданага міністэрства, да 20 лютага суб’екты гаспадарчай дзейнасьці, якія маюць ліцэнзіі на турапэратарскую дзейнасьць, мусілі падаць копію статыстычнай справаздачнасьці аб прыёме замежных турыстаў па спэцыяльнай форме “1-турыст”. Кампаніям, якія ня выканаюць патрабаваньне, будзе скасаваная дзейнасьць ліцэнзій.

Прадстаўнікі шэрагу турфірмаў наўпрост цьвердзяць, што пачалася мэтанакіраваная “зачыстка” рынку. Дзьве сотні агенцтваў ад зарэгістраваных у Міністэрства спорту і турызму 700 спынілі існаваньне летась, ня меней сур''ёзныя выпрабаваньні чакаюць прадстаўнікоў турбізнэсу зараз.

Практычна ўсе салідарныя, што выканаць загад ведамства аб разьвіцьці ўязнога турызму не атрымаецца да таго часу, пакуль ня будзе створаная адпаведная інфраструктура ў краіне. Цяпер завабіць замежніка ў Беларусь папросту няма чым. А фінансаваньне патэнцыйных цэнтраў турызму ажыцьцяўляецца паводле астатковага прынцыпу, – канстатуе кіраўніца фірмы “Віяполь” Галіна Патаева.

(Патаева: ) “Я стажыравалася ў ЗША, і што мяне найбольш уразіла: калі там гавораць пра грошы падаткаплацельшчыкаў, то празрыстым застаецца гэты самы агульны кашалёк, бачна, куды пайшлі грошы. Калі кажуць пра турысцкае разьвіцьцё нейкага гораду, то ўдакладняюць: на інфраструктуру пайшло столькі грошай, такая сума пайшла на ўсталяваньне новых ліхтароў (мэр быў у Парыжы і сказаў, што гэта вельмі прыгожа), яшчэ колькі выдаткавана на новыя каналізацыйныя люкі ці на пераабсталяваньне ў цэнтар турысцкай інфармацыі былога цаглянага заводу. Таму, на мой погляд, найважней зрабіць так, каб ад унутранага турызму зараблялі нашыя населеныя пункты”.

Чыноўнікі ад турызму рэгулярна рапартуюць пра станоўчыя зрухі ў галіне. Аднак пакуль што справаздачы зводзяцца да статыстыкі наведваньня гарналыжнага комплексу “Сілічы”, куды ў часе камандзіровак у Беларусь прывозяць рэдкіх замежных гасьцей.

Гаворыць адзін з кіраўнікоў турыстычна-спартовай галіны ў Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, былы кіраўнік спарткомплексу “Раўбічы” Аляксандар Хандогін.

(Хандогін: ) “Трэба сказаць, што людзі насамрэч цікавяцца горнымі лыжамі і шмат хто выяжджае праз турыстычныя фірмы ў Польшчу, Славаччыну, Аўстрыю. Але калі чалавек выяжджае на дзесяць дзён і пяць зь іх вучыцца абуваць чаравікі, то гэта ня вельмі лягічна. Таму лепей патрэніравацца тут. Кожныя суботу і нядзелю за мяжу не наезьдзіся і падтрымаць форму для тых, хто ўжо гэтай справай захапіўся – гэтаксама нармалёвы варыянт”.

Прадстаўнікі турфірмаў кажуць, што патрабаваньні да іх з боку кантралюючых структураў неабгрунтавана завышаныя. Да таго ж, менавіта на супрацоўнікаў фірмаў кладзецца ўся адказнасьць за так званы “форс-мажор”. І, як кажа турыстычны мэнэджэр Васіль Грынь, займацца прапагандай тых жа горных лыжаў у Беларусі для фірмаў досыць рызыкоўна.

(Грынь: ) “Калі хтосьці гарантуе, што будзе суцэльнае задавальненьне, то гэта не зусім правільна. Бо гарантыю пакрыцьця грашовых выдаткаў, зьвязаных зь лекаваньнем калі што здарыцца – то гэта да страхавой кампаніі, дзе набываецца поліс. Усё астатняе залежыць у першую чаргу ад чалавека, і ягоная бясьпека ў тым ліку. Але не ад мэнэджэра, супрацоўніка турыстычнай фірмы”.

У Міністэрстве спорту і турызму кажуць, што справаздачы турфірмаў наконт арганізацыі ўязнога турызму будуць падсумаваныя да канца тыдня. Тады і будзе абвешчана, колькі агенцтваў ня здолелі прыстасавацца да працы ў новых умовах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG