Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Баранавічах адлічылі з БДУ актывіста са штабу Мілінкевіча


Радыё Свабода З Баранавіцкага філіялу БДУ быў адлічаны актывіст штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Марчык. Ён вучыўся на другім курсе факультэту правазнаўства. У штабе кандыдата на прэзыдэнта ён займаецца справамі моладзі, актыўна бярэ ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванага руху “Малады Фронт”. Сяргей Марчык адлічаны з фармулёўкай “за сыстэматычныя парушэньні ўнутранага працоўнага распарадку”.

Паводле Сяргея Марчыка, ціск з боку адміністрацыі навучальнай ўстановы пачаўся яшчэ ўвосень 2005 году:

(Марчык: ) “Я езьдзіў у Македонію на сэмінар маладых палітычных лідэраў, адсутнічаў тры дні. Мне далі вымову. Пасьля ўдзельнічаў 16 сьнежня ў акцыі, і мне прысудзілі 20 базавых велічыняў. Але ва ўнівэрсытэце не адрэагавалі. Паколькі я атрымаў штраф, яны ня могуць нічога зрабіць”.

16 сьнежня 2005 году Сяргея Марчыка пакаралі за тое, што ён стаяў у цэнтры Баранавічаў з запаленай сьвечкай. Адміністрацыя ўнівэрсытэту зрэагавала на гэта толькі цяпер:

(Марчык: ) “Я езьдзіў у Кіеў у школу правоў чалавека, адсутнічаў два дні. Па прыезьдзе мне вынесьлі вымову за ўдзел у той акцыі 16 сьнежня. Хаця спачатку казалі, што нічога ня будзе”.

Сяргей Марчык сумняецца ў правамоцнасьці дэканату выдаваць загад на адлічэньне на падставе вымовы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі:

(Марчык: ) “Мы цяпер падалі ў абласны суд касацыйную скаргу, а пасьля будзем у Вярхоўны суд падаваць. І пакуль апошняя інстанцыя ня вынесла сваё канчатковае рашэньне. Яны ўвогуле ня маюць ніякага права прымаць рашэньне пра вынясеньне вымовы і ўвогуле выключэньне”.

У дэканаце Баранавіцкага філіялу БДУ адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. Памочнік дэкана спаслаўся, што ўсе кампэтэнтныя службоўцы занятыя і ня могуць гаварыць па тэлефоне.

Цяпер Сяргей Марчык рыхтуе запыт дзеля атрыманьня дакумэнтаў, датычных ягонага адлічэньня, каб дазнацца ў чым канкрэтна зь ягонага боку выявілася “сыстэматычнае парушэньне ўнутранага працоўнага распарадку”.
XS
SM
MD
LG