Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты адмовіцца ад удзелу ў выбарах?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 17 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.Удзельнікі: старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў і намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Хоць сёньня, 17 лютага, Цэнтравыбаркам зарэгістраваў усіх кандыдатаў, якія здалі неабходныя 100 тысяч подпісаў, сярод дэмакратычнай супольнасьці Беларусі існуе думка, што ў цяперашніх палітычных умовах у краіне нармальныя прэзыдэнцкія выбары немагчымыя. І тое, што цяпер адбываецца, ёсьць палітычнай кампаніяй, па выніках якой Аляксандар Лукашэнка павінен атрымаць права кіраваць дзяржавай трэці тэрмін.

Таму ў апазыцыйным асяродзьдзі пашыраецца меркаваньне, што апазыцыйныя кандыдаты на нейкім этапе павінны зьняць свае кандыдатуры і ня ўдзельнічаць у “выбарчым фарсе”. Напрыклад, гэтая ідэя прагучала на сходзе прадстаўнікоў інтэлігенцыі. То бок, прыхільнікі такога сцэнару апрыёры прызнаюць паразу апазыцыі, аддаюць перамогу Лукашэнку, толькі імкнуцца зрабіць гэтую перамогу менш пераканаўчай. А вось якія меркаваньні наконт гэтага пытаньня выказваюць нашы слухачы”.

(Спадар: ) “Шаноўныя Аляксандры Мілінкевіч і Казулін! Вы абавязаны ведаць, што “элегантная перамога” будзе за Лукашэнкам — 80%. Якая мэта вашага ўдзелу ў дадзеным фарсе? Я вас не разумею”.

(Спадар: ) “Я чую, што Мілінкевічу прапануюць зьняць сваю кандыдатуру. Крый Божа! Ня трэба здымаць. Аляксандар Уладзімеравіч — стаяць да перамогі! Таму што гэта будзе на карысьць гэтаму “архітэктару”, “прароку” Лукашэнку. Ён гэтага чакае”.

(Карбалевіч: ) “Што дае такі выхад з выбарчай кампаніі, якія задачы ён павінен вырашыць? І да чаго ў такім выпадку заклікаць выбаршчыкаў?”

(Алег Трусаў: ) “Я ў большай ступені падзяляю выказваньне Рады беларускай інтэлігенцыі. Аднак я не лічу, што гэта параза. На маю думку, поўная параза будзе, калі ісьці да канца, калі аднаму апазыцыйнаму кандыдату намалююць 1% галасоў, другому — 0,5%, на плошчу выйдзе ў лепшым выпадку 3 тысячы чалавек. І мы атрымаем “эфэкт Ганчарыка”. Таму, па-першае, трэба закончыць аб’яднаньне апазыцыі. Мілінкевіч з Казуліным павінны стварыць адзіную каманду на ўмовах канфэдэрацыі (два сустаршыні, адзін штаб) і змагацца за сапраўдныя выбары.

Гэта значыць, што яны павінны выставіць праграму патрабаваньняў да ўлады, каб зрабіць выбары дэмакратычнымі: зрабіць празрыстыя скрыні для галасаваньня, распрацаваць новую інструкцыю для назіральнікаў, надрукаваць бюлетэнь, абнародаваць колькасьць бюлетэняў па краіне на кожным участку, даць дакладную колькасьць выбаршчыкаў. Калі ўлады гэта робяць, тады ёсьць сэнс удзельнічаць да канца. Калі ўлады гэтага ня робяць, то трэба ў пэўны момант зьняць кандыдатуры і заклікаць людзей да “народнага галасаваньня”. Прычым зрабіць яго можна падчас датэрміновага галасаваньня. Мэты такога сцэнару: па-першае, аб’яднаць да канца апазыцыю; па-другое, увесь сьвет, у тым ліку і беларускія выбаршчыкі, пабачаць, што гэта ніякія ня выбары.

Зрабіце тое, што прапаноўваюць нашы кандыдаты, і пайшлі да канца. Калі ж улады гэтага ня робяць, то гэта гульня ў напарстак. Навошта падыгрываць уладзе?”

(Карбалевіч: ) “Відавочна, які будзе адказ улады на гэтыя патрабаваньні. А што далей?”

(Трусаў: ) “Самае галоўнае — давесьці да простага чалавека ў любым калгасе, што апазыцыя ня будзе ўдзельнічаць у махлярстве”.

(Віктар Івашкевіч: ) “Абсалютна зразумела, што ўлады будуць фальсыфікаваць, напішуць лічбы галасаваньня, зыходзячы з палітычнай мэтазгоднасьці. Але ж людзі будуць галасаваць рэальна, будзе ладзіцца сацыялягічны замер, будуць апытаньні перад выбарчымі ўчасткамі, арганізаваныя эўрапейскімі інстытутамі, прычым, іх будзе некалькі. І лічбы гэтых структураў будуць той праўдай, за якую мы будзем змагацца, адстойваць, абвінавачваць улады ў фальсыфікацыі.

Але экзыт-пол пакажа ня толькі фальсыфікацыі з боку Лукашэнкі. Ён пакажа рэальную электаральную падтрымку ўсіх кандыдатаў. Выбары пакажуць, што ёсьць адзін лідэр апазыцыі — Мілінкевіч. І экзыт-пол гэта пацьвердзіць. Гэта будзе крок да далейшай кансалідацыі апазыцыі на аснове народнага волевыяўленьня. Кансалідаваная апазыцыя на чале з тым лідэрам, які выявіцца падчас гэтых выбараў, будзе ісьці далей. 19 сакавіка ўсё роўна трэба ісьці змагацца, выходзіць на плошчу, патрабаваць перагаласаваньня на аснове зьвестак экзыт-полу. Але для гэтага абсалютна ня трэба здымацца і ствараць нейкую двухгаловую апазыцыю”.

(Карбалевіч: ) “Як вы ставіцеся да ідэі, што зьняцьце апазыцыйных кандыдатаў дэлегітымізуе перамогу Лукашэнкі і ў міжнародным пляне, і ва ўнутраным?”

(Івашкевіч: ) “Міжнароднае рашэньне ўжо вядома. Эўропа прызнае і гэтыя выбары недэмакратычнымі, а Расея прызнае выбары дэмакратычнымі ўжо цяпер. І ніякія нашы хітрыкі ці фінты ні на што не ўплываюць. Яны ня надта ўзмоцняць адмоўную пазыцыю Захаду адносна нашых выбараў і ніяк не пахіснуць прыхільнасьці Масквы да Лукашэнкі. Але зыход з дыстанцыі пакрыўдзіць нашых выбаршчыкаў, якія хочуць прагаласаваць у піку Лукашэнку. Я думаю, гэта будзе разглядацца людзьмі як дэзэртэрства. Мы павінны ісьці да канца”.

(Карбалевіч: ) “Што практычна азначае тэзіс: пазбавіць Лукашэнку і ягоную перамогу легітымнасьці? Нават калі Мілінкевіч здымецца, усё роўна застанецца ў выбарчым бюлетэні Гайдукевіч — а, магчыма, і Казулін, які ня ўдзельнічае ў агульным кааліцыйным сцэнары. Сацыялягічныя дасьледаваньні па выніках рэфэрэндуму 2004 году паказалі, што насельніцтва больш давярае Цэнтравыбаркаму, чым экзыт-полу, праведзенаму Балтыйскай філіяй Інстытуту Гэлапа. Чаму на гэты раз грамадзкая думка памяняецца? Ці зьмянілася нейкім радыкальным чынам інфармацыйная сытуацыя ў краіне? Ці што іншае?”

(Трусаў: ) “Паколькі мы дасягнулі сёньня важнага этапу — этапу рэгістрацыі кандыдатаў, то Мілінкевіч і Казулін атрымаюць права зьвярнуцца да народу. І калі яны здолеюць за гэтыя дні аб’яднацца, выступіць з адзіным лёзунгам, здолеюць запатрабаваць выкананьня тых патрабаваньняў, пра якія я казаў раней, і данесьці гэта да людзей з дапамогаю дзяржаўных мэдыяў, то тады ўвесь народ зразумее, што кандыдаты хочуць сапраўдных выбараў. І народ гэтага хоча. І калі гэта паказаць народу, то ён, за выключэньнем прыхільнікаў Лукашэнкі, усё зразумее”.

(Карбалевіч: ) “Увесь час гучыць тэза, што гэта ня выбары, гэта фарс, падман і іншае. Але несапраўднасьць, фарсавасьць выбараў палягае, мусіць, ня толькі ў тым, што выбарчая кампанія праходзіць у няроўных умовах, улады маюць перавагу ў вядзеньні агітацыі. Такая няроўнасьць была ў Расеі, ва Ўкраіне на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, у Малдове і іншых постсавецкіх краінах. Тым ня менш, назіральнікі АБСЭ ацэньвалі іх даволі лагодна. Галоўны элемэнт недэмакратычнасьці, фарсавасьці выбараў — гэта фальсыфікацыі падчас падліку галасоў. Але калі апазыцыйныя кандыдаты здымаюцца, то ўладам проста ня будзе патрэбы фальсыфікаваць, выбар у электарату будзе невялікі. Разьлік на “народнае галасаваньне” можа не апраўдацца. І абвінавачваньне ў фальсыфікацыі проста здымаецца?”

(Трусаў: ) “Каб так было, то тады б улады не цягнулі б ні Казуліна, ні Мілінкевіча да рэгістрацыі любым коштам. Сказалі б, што подпісы кепскія. Тады яны б іх проста не зарэгістравалі. І пытаньне б было зьнятае. Сёньняшняя рэгістрацыя патрэбная ўладам, каб атрымаць “элегантную перамогу”. Нашу апазыцыю вядуць як нейкага бычка на бойню. Калі Мілінкевіч і Казулін хочуць быць гэтымі бычкамі, гэта іх права. Але я, як чалавек, які ў палітыцы з 1988 году, раю гэтага не рабіць”.

(Івашкевіч: ) “Мы павінны для сябе, прынамсі, уяўляць нашу падтрымку. Мы рыхтуем адпаведныя інфармацыйныя матэрыялы, якія заклікаюць: ідзіце і галасуйце за Мілінкевіча. Калі ў бюлетэнях ня будзе такога прозьвішча, Мілінкевіча здымуць з дыстанцыі, то галасуйце супраць усіх. Такое галасаваньне таксама будзе паказчыкам нашай падтрымкі. А даведаемся мы пра гэта праз той жа экзыт-пол. Такі замер патрэбны. Бо інакш няма ніякіх крытэраў. Тады ўсе так званыя “прыватныя прадпрымальнікі ад палітыкі”, кшталту генэрала Фралова, кажуць: а мы такія ж моцныя, як і ўся ваша кааліцыя, нічым ня горш, нас таксама падтрымлівае народ. Толькі галасаваньне і дае магчымасьць выявіць сапраўды ўзровень падтрымкі.

Зразумела, што больш паловы ці палова выбаршчыкаў будзе верыць Цэнтравыбаркаму. А другая палова будзе верыць зьвесткам экзыт-полу. І нам сярод сваёй паловы трэба вызначыцца, хто ёсьць хто і якое месца займае”.

(Карбалевіч: ) “Каб вызначыць месца таго ці іншага палітыка ў грамадзкай думцы, для гэтага выбары не патрэбныя. Для гэтага дастаткова правесьці дакладныя сацыялягічныя дасьледаваньні, можа, не на 1,5 тысячы рэспандэнтаў, як звычайна робіцца, а на 5 тысяч. Гэта будзе таньней, лягчэй і эфэктыўней”.

(Івашкевіч: ) “Выбары даюць магчымасьць людзям вызначыцца. І потым у іх будзе матыў змагацца за свой выбар. На плошчу людзі ня выйдуць па выніках сацыялягічных дасьледаваньняў. Усе, хто, напрыклад, галасаваў за Мілінкевіча, даведаўшыся, што ўлады напісалі яму лічбу ў дзесяць разоў менш, чым ён рэальна атрымаў, могуць абурыцца, і ў іх узьнікне жаданьне адстаяць свой выбар. На гэта пэўны разьлік”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Івашкевіч, тады яшчэ адно пытаньне да вас. Тыя сумненьні, якія выказваюць прыхільнікі няўдзелу ў выбарах, маюць рацыю. Цалкам магчымы такі сцэнар. Вынікі сацыялягічнага апытаньня напярэдадні выбараў, экзыт-пол у дні галасаваньня зафіксуюць, напрыклад, што Лукашэнка мае 60% галасоў, а Мілінкевіч — 35%. У дэмакратычнай публікі расчараваньне, паўторыцца тое, што адбылося пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году альбо рэфэрэндуму 2004 году. На “майдан” выйдзе 2—3 тысячы чалавек, зноў захопяць Палац прафсаюзаў, пераначуюць там разам зь Мілінкевічам, а назаўтра альбо ціха разыдуцца, альбо іх пахапае міліцыя. І якімі словамі ацэняць дзейнасьць кіраўніцтва апазыцыі сябры апазыцыйных партыяў, дэмакратычны электарат — можна здагадацца. Дык, можа, трэба шукаць нейкіх іншых хадоў?”

(Івашкевіч: ) “Што атрымаем, то атрымаем — як заслужылі. Хітрыкамі гэта не схаваеш. Мне могуць паставіць адмоўную адзнаку, дык я зьбягу з экзамэну. Нельга зьбягаць з экзамэну. Тое, што было пасьля 2001 году, не паўторыцца. Таму што нікуды не зьбяжыць Мілінкевіч. Ён выйдзе да людзей, зьбярэцца там 3 тысячы ці 30 тысяч. І калі людзей будзе мала, ён скажа: “Людзі, дзякуй, што вы прыйшлі. Вы бачыце, што нас яшчэ недастаткова. Таму ўсе разам мы павінны працягваць працаваць на нашу перамогу”.

Адкрытая размова заўсёды лепшая за хітрыя хады, якія не павялічваюць сілы, а толькі камуфлююць, хаваюць слабасьць. Прызнаная слабасьць лепш, чым схаваная. Дэмакратычны электарат, калі зь ім не хітрыць, а шчыра размаўляць, зразумее, што апазыцыянэры змагаюцца, ахвяруюць уласным здароўем, воляй. Натуральна, што будуць крытыкі, які скажуць: “А, нічога ў вас не атрымалася”. Гэта найперш будуць рабіць тыя, хто подпісаў ня здолеў сабраць. Я перакананы, што апазыцыя не распадзецца, як гэта было ў 2001 годзе. І будзем змагацца далей”.

(Трусаў: ) “Напрыклад, калі Казулін і Мілінкевіч здымаюцца, то калі аб’яднаць людзей, якія галасуюць супраць Гайдукевіча і Лукашэнкі, плюс прыхільнікаў “народнага галасаваньня”, то мы можам атрымаць амаль 50% пратэставага электарату. Але дзеля гэтага трэба працаваць і камандзе Казуліна, і камандзе Мілінкевіча”.

(Карбалевіч: ) “Сцэнар лідэраў апазыцыйнай кааліцыі просты, немудрагелісты, зразумелы любому выбаршчыку: галасуем за Мілінкевіча, а калі будуць фальсыфікацыі, якія выявяцца з дапамогай экзыт-полу — то “майдан”. Калі ж за пяць дзён апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты здымаюць свае кандыдатуры, то як у нашых інфармацыйных умовах можна пераарыентаваць дэмакратычны электарат на нейкі іншы сцэнар? Гаворка ж ідзе прынамсі пра траціну выбаршчыкаў. Людзі проста заблытаюцца. Адны пойдуць галасаваць супраць усіх, другія вынесуць бюлетэні, трэція зусім ня пойдуць на выбары, а чацьвертыя, якія даведаюцца пра зьняцьце сваіх кандыдатаў толькі калі возьмуць бюлетэнь у рукі, з адчаю прагаласуюць за Лукашэнку”.

(Трусаў: ) “Вельмі проста. Для гэтага трэба не губляць часу, Мілінкевічу і Казуліну сядаць за стол перамоваў, аб’яднаць сілы і сумесна абнародаваць гэты плян, выкарыстоўваючы дзяржаўныя мэдыі. Усё роўна будуць людзі, якія прагаласуюць супраць усіх, вынесуць бюлетэні. Калі я зьбіраў подпісы, то палічыў, што прыкладна 20—25% выбаршчыкаў у Менску прынцыпова не возьмуць удзелу ў выбарах”.

(Івашкевіч: ) “Такое можа быць, што кандыдаты выкарыстаюць свой выступ па тэлевізіі альбо ў газэтах не для друкаваньня праграмы, а для таго, каб растлумачыць, што мы здымаемся, каб нашкодзіць Лукашэнку, які прыкрывае намі сваю перамогу. Хоць я супраць гэтага”.

(Карбалевіч: ) “Улады проста выражуць гэтыя сюжэты з такім заклікам”.

(Івашкевіч: ) “Мяркую, наш дэмакратычны электарат будзе гэтым не задаволены. Яны чакаюць нейкіх пэрспэктываў, надзеяў. А ім кажуць: “Мы здымаемся, каб ня быць ахвярамі палітычных маніпуляцыяў”. “А мне што рабіць?” — скажа выбаршчык. А яму адказваюць: “А ты як хочаш — можаш не прыходзіць, можаш галасаваць, можаш выносіць бюлетэні”. І гэта ўсё мы залічым у свой актыў. Такія мы хітрыя, кагосьці хочам надурыць, што больш моцныя, чым ёсьць на самай справе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, аргумэнтаў на карысьць ідэі выхаду апазыцыйных кандыдатаў на нейкім этапе з выбарчай кампаніі столькі ж, колькі і супраць. І палітычнае рашэньне мусіць, будзе прымацца з улікам усіх абставінаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG