Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Аўстрыі судзяць гісторыка, які адмаўляе Галакост


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Вене распачаўся суд над брытанскім гісторыкам Дэвідам Ірвінгам, якога абвінавачваюць у адмаўленьні факту Галакосту. Калі Ірвінг будзе прызнаны вінаватым, яму будзе пагражаць 10 гадоў зьняволеньня. Суд над гісторыкам адбываецца на фоне міжнародных дэбатаў аб межах свабоды слова, выкліканых публікацыямі ў Эўропе карыкатураў пра Прарока Мухамеда.

Дэвід Ірвінг у сваіх кнігах, артыкулах і інтэрвію ўжо шмат гадоў сьцьвярджае, што Галакост – масавае зьнішчэньне габрэяў падчас праўленьня ў Нямеччыне Адольфа Гітлера – не было такім ужо маштабным, і што няма ніякіх сьведчаньняў таго, што нацысты выканалі так званае “канчатковае рашэньне” па вынішчэньні эўрапейскіх габрэяў.

У 1989 годзе ён зрабіў падобныя заявы ў Аўстрыі. Аднак у гэтай краіне, якую у 1938 годзе Гітлер далучыў да Нямеччыны, адмаўленьне факту Галакосту – крымінальнае злачынства. Вось жа цяпер, калі Дэвід Ірвінг чарговы раз наведаў Аўстрыю, ён быў затрыманы і паўстаў перад судом.

Заявы, падобныя да тых, што робіць брытанскі гісторык Ірвінг, кранаюць шмат людзей. Гаворыць Дэвід Дэйдж, дасьледнік праблемаў свабоды слова у Венскім інстытуце прэсы:

(Дэйдж: ) "Думкі і меркаваньні Ірвінга зьяўляецца глыбокай зьнявагай тых, хто перажыў Галакост ці страціў падчас яго сваіх родных".

Аднак Дэвід Дэйдж ня лічыць, што заявы, кшталту ірвінгавых, павінны перасьледвацца паводле крымінальнага кодэксу. Паводле Дэйджа, свабодныя грамадзтвы павінныя дазваляць свабоду выказваньняў, у тым ліку і выказваньняў, якія кагосьці абражаюць, напрыклад, як карыкатуры на Прарока Мухамеда. Адмысловец зь Венскага інстытут прэсы падкрэсьлівае, што пры цяперашнім разьвіцьці камунікацыяў, Інтэрнэту забараніць распаўсюд такіх ідэяў і меркаваньняў проста немагчыма.

Тым ня менш, заканадаўства Аўстрыі, Нямеччыны і яшчэ некаторых эўрапейскіх краінаў прадугледжвае крымінальнае пакараньне за публічнае адмаўленьне факту Галакосту.

Некаторыя мусульмане на гэтай падставе абвінавачваюць Эўропу ў двудушнасьці: з аднаго боку, эўрапейцы патрабуюць права публікаваць карыкатуры на прарока Мухамеда, а з другога – адпраўляюць на лаву падсудных Ірвінга, які выказвае сваё меркаваньне наконт Галакосту.

Дэвід Дэйдж падкрэсьлівае, што мэта такіх законаў – не дапусьціць паўтарэньня жахаў Галакосту і Другой усясьветнай вайны.

(Дэйдж: ) "Гэтыя законы закліканыя не дапусьціць распаўсюду вірусу нацызму. Вы можаце глядзець на гэта з гістарычнага пункту гледжаньня, гэта своеасаблівая вакцынацыя супраць адраджэньня нацызму".

Крытыкі гэтых законаў неаднаразова зьвярталіся ў эўрапейскі суд правоў чалавека, даводзячы, што крымінальны перасьлед ў дадзеным выпадку супярэчыць унівэрсальным прынцыпам свабоды слова. Але суд у сваім заключэньне вырашыў, што адмаўленьне таго, што злачынствы супраць чалавечнасьці рабіліся, супярэчыць духу эўрапейскага пагадненьня ў правох чалавека.

Сёньня, напярэдадні судовага пасяджэньня, Дэвід Ірвінг заявіў, што ён больш ня ставіць пад сумнеў тое, што Галакост сапраўды быў.

Чакаецца, што прысуд у справе будзе абвешчаны сёньня.
XS
SM
MD
LG