Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь — ня Сэрбія, а Мілінкевіч — не Каштуніца”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі застаўся месяц. Ці адбудуцца пасьля 19 сакавіка ў дзяржаве зьмены, якіх адна частка беларускага грамадзтва чакае, а другая — не жадае? Пра гэта — амаль усе лісты, якія прыходзяць на “Свабоду” ў гэтыя лютаўскія дні. Cёньняшнюю размову пачну з электроннага ліста ад нашага слухача зь Менску Яўгена Александровіча, які разважае пра тое, чаму два дэмакратычныя кандыдаты ня хочуць аб’яднацца, каб мець большыя шанцы на посьпех.

“Падобна на тое, што недаравальная памылка здарыцца, — піша слухач. — Перамовы Мілінкевіча і Казуліна ў тупіку. Два дэмакратычныя кандыдаты замест сапраўды адзінага — гэта паказьнік таго, што ў нас ня Сэрбія, і няма свайго Каштуніцы. Перад агульнай пагрозай штабы дэмакратычных кандыдатаў не аб’ядноўваюцца, а абвінавачваюць адзін аднаго. Між іншым, у Польшчы прадстаўнікі дзьвюх падобных ідэалёгіяй правых партыяў таксама абвінавачваюць адны адных у нежаданьні весьці перамовы — але яны ж імгненна аб’ядноўваюцца дзеля агульнай важнай справы.

Сытуацыя ў Беларусі не падобная на ўкраінскую ці грузінскую. Рэжымы Кучмы і Шэварднадзэ былі вядомыя як даволі лібэральныя. Наша рэальнасьць падобная на сэрбскую. Калі б ня НАТО, Мілошавіч дагэтуль уладарыў бы ў Бялградзе. Думаю, аднак, у рэальнай палітыцы ў наступныя гады ні Беларусі, ні Паўночнай Карэі, ні Ірану авіяўдары не пагражаюць. З аднаго боку, гэта добра: ня будзе вайны. Але зь іншага — не відаць, як інакш Беларусь можа пазбавіцца ад ганебнага рэжыму бестэрміновага прэзыдэнцтва”.

Лёс пераменаў у Беларусі найперш залежыць не ад ЗША, Эўразьвязу ці НАТО, спадар Александровіч, а ад самаго беларускага грамадзтва. Так, Беларусь узору 2006 году мала падобна на Грузію ці Ўкраіну 2004 году, дзе дэмакратычных свабодаў было непараўнальна больш. Але ёсьць жа і іншыя прыклады зь ня надта далёкай гісторыі. Польшча, Чэхія, Румынія, Баўгарыя вызваліліся ад жорсткіх аўтарытарных рэжымаў напрыканцы 1980-х гадоў без аніякага ўмяшаньня звонку.

Аўтар наступнага ліста — Уладзіслаў Жыгалка зь Менску:

“На вялікі жаль, у мяне даволі часта не хапае нават ня тое што часу, а маральных ды фізычных сілаў, каб слухаць “Свабоду”. Спустошвае праца. А беспрацоўным у Беларусі плацяць вядома якую дапамогу — 30—40 тысяч беларускіх рублёў (гэта калі наагул плацяць). Пэўна, таму, калі верыць прапагандзе, у нас самы нізкі ўзровень беспрацоўя — беспрацоўных проста выносяць “наперад нагамі” туды, дзе ніякіх пэнсіяў і дапамогаў ужо ня трэба.

Адмоўны балянс паміж нараджэньнямі і сьмерцямі ў Беларусі выкліканы паўсюднай галечай — немагчымасьцю маладых здаровых людзей утрымліваць сям’ю на тыя жабрацкія заробкі, што ім плацяць. Пэнсіянэры (нават тыя, у каго сярэдняя пэнсія) атрымліваюць больш. Ці ж гэта не абсурд? Дарэчы, вельмі шкада і старых людзей, якія за доўгае працоўнае жыцьцё так і не зарабілі сабе на старасьць і вымушаныя атрымліваць падачку ад дзяржавы. …І пасярод усяго гэтага жыруюць “прыкінутыя” маладыя хлопцы ў іншамарках. Нашы дзяўчаты выходзяць замуж за іх — а не за мяне, бо я бяз грошай”.

Патрыманая іншамарка, спадар Жыгалка, на постсавецкай прасторы (у тым ліку і ў Беларусі) перастала быць прадметам раскошы, аб’ектам зайздрасьці і прыкметай вялікага дастатку. Што да вашых развагаў пра дэмаграфічную сытуацыю, то праблема тут ня толькі ў галечы людзей. Нараджальнасьць вельмі нізкая і ў заможных краінах Заходняй Эўропы. У той жа час самы імклівы рост насельніцтва на плянэце — якраз у самых бедных і эканамічна адсталых рэгіёнах Афрыкі і Азіі.

15 студзеня ў аглядзе пошты прагучаў ліст Уладзімера Капаева з Касьцюковічаў. У ім слухач, сярод іншага, распавядаў пра жыцьцё ў вёсцы і разважаў пра тое, чаму многія людзі сталага веку ня хочуць зьменаў. У прыватнасьці, Уладзімер Капаеў спасылаўся на прыклад уласнай маці:

“Яна аддала дзяржаве 44 працоўныя гады. З 10-гадовага ўзросту працавала нароўні з дарослымі за “працадні”. У яе ніколі не было часу пачытаць кнігу ці газэту. І што ж атрымала за гэта? Адзін толькі просьценькі мэдаль “Вэтэран працы”. А ў дадатак — кучу хваробаў. Ці вось дах у доме цячэ — і нікому да гэтага няма справы. Аднак маці, нягледзячы на ўсё гэта, гатова да апошняга абараняць Лукашэнку”.

На гэтыя развагі адклікнуўся Міхаіл Коржаль з Гомелю. Спадару Коржалю 86 гадоў, ён інвалід Вялікай Айчыннай вайны па раненьні і, відавочна, належыць да таго ж пакаленьня, што і маці спадара Капаева. У сваім лісьце Міхаіл Коржаль піша:

“Ёсьць твая праўда, Капаеў. І нялёгка жывецца на вёсцы; і ня ўсюды вясковыя людзі сытна ядуць; і гараджане “выцягваюць” вёску; і будаўнікі і чыноўнікі не заўсёды робяць як трэба… Добра, Капаеў, што ведаеш, якое жыцьцё пражыла твая маці. І я схіляю сваю сівую галаву і цалую мазолістыя рукі тых маці, дзякуючы якім у мяне, гараджаніна, ёсьць на стале буханачка духмянага хлеба, а на кухні жонка смажыць хоць невялікі “шмандэлак” сала. На блакітным газавым агеньчыку. І я б паверыў у сыноўскую спагаду Капаева, каб у эфіры не прагучалі яго словы аб тым, што ў матчынай хаце цячэ дах, і нікому няма да гэтага справы. Як гэта нікому? А сын? Што, ён чакае, што нейкі чужы дзядзька (а то і сам Лукашэнка?) возьме пад паху пару дранак ці кавалак рубэроіду, малаток у кішэню, тузін цьвічкоў у зубы — і палезе на дах? І падумалася мне, што ў маці Капаева цячэ ня толькі вада з прагнілага даху, але і горкія патаемныя сьлёзы з вачэй за такога сына.

І яшчэ я падумаў, што Ўладзімер Капаеў — гэта тыповая адзінка з той грамадзкай гнілі, якая складае (з локшынамі на вушах) электарат кандыдатаў у прэзыдэнты ад ліпавай дэмакратыі, што так рвецца да ўлады. Адзін з тых, хто прагна чакае абяцаных невядома якіх і адкуль інвэстыцыяў, чакае дармавога сыру, у запале забываючы, што такі бывае толькі ў пастцы. А маці Ўладзімера розумам, сэрцам цягнецца да таго чалавека, які цэніць і паважае працавітых людзей, і ўсе свае фізычныя і духоўныя сілы аддае ім. Стараецца, каб нам усім (у тым ліку вяскоўцам) жылося сытней і вальготней”, — гэтак лічыць Міхаіл Коржаль, інвалід вайны з Гомелю.

Думаю, Міхаіл Міхайлавіч, вы агучылі ня толькі ўласныя думкі, а ў пэўнай ступені — пазыцыю, сьветапогляд, стаўленьне да сёньняшняй рэчаіснасьці значнай часткі ўсяго вашага пакаленьня. Не выпадае сумнявацца ў вашай шчырасьці і перакананасьці. І ваша водпаведзь наконт дзіравага даху і сыноўскага абавязку — пранікнёная і неабвержная.

А вось з агульнымі вашымі высновамі — пра тое, чаго хочуць дэмакраты і тыя, хто іх падтрымлівае, і ці варта мяняць уладу ў Беларусі — хацелася б паспрачацца. На чым грунтуецца ваша безаглядная пераканасьць у тым, што толькі Лукашэнка ажыцьцяўляе патрэбную народу палітыку, а ўсе астатнія — карысьлівыя прыстасаванцы, якія “рвуцца да ўлады”, каб “прадаць Беларусь Захаду”? Паспрабую працягнуць лягічны ланцужок вашых развагаў.

Ён, Лукашэнка, шчыра хоча дабра для людзей, а таму давайце глядзець скрозь пальцы на тое, што няма ў краіне свабодных і справядлівых выбараў, што амаль зьнішчаны незалежны друк, што не дазваляюць людзям зьбірацца і адкрыта выказваць свае думкі, пратэставаць на плошчы. Што з таго, што ўсё гэта замацавана ў Канстытуцыі? Улада ж забараняе ўсё гэта дзеля стабільнасьці, каб быў парадак у дзяржаве, каб працавала эканоміка, каб нам жылося лепей.

Але тут вось якая штука. Там, дзе разьлічваюць, што, адмовіўшыся ад дэмакратыі на карысьць “цвёрдай рукі”, атрымаюць парадак і высокі ўзровень жыцьця, найчасьцей застаюцца і без дэмакратычных свабодаў, і без дастатку ў доме. Пры жалезным сталінскім парадку маці Ўладзімера Капаева аддавала апошнія сілы на калгасных палях — і атрымлівала за гэта замест грошай “палачкі за працадні”. У той самы час яе равесьніцы ў пераможанай Нямеччыне, якая выбрала дэмакратычны шлях і рынкавую эканоміку, гэтак жа паднімалі з руінаў сваю радзіму і цяжка працавалі, але — мелі за сваю працу такія грошы, за якія ўжо ў 1960-х гадах маглі купляць асабістыя аўто і штогод адпачываць за мяжой.

І ў сёньняшняй Беларусі цяжка і старанна працуючы, ці то на зямлі, ці на заводзе, ці ва ўстанове, людзі хочуць годна жыць ужо сёньня. Ім ужо недастаткова кавалка хлеба і “невялікага шмандэлка сала”. Яны бачаць, як жывуць у той жа суседняй Польшчы, дзе няма аўтарытарнай улады (а паводле вас, Міхаіл Міхайлавіч, няма і парадку) —і задаюць пытаньне: чаму сьлесар на заводзе ў Гданьску зарабляе 600 даляраў за месяц, а сьлесар у Гомелі, праца якога ня менш цяжкая — толькі 150 (у чатыры разы меней)?

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Сяргей Кураедаў з Глыбокага, Эдуард Тобін са Смалявічаў, Ільля Копыл зь Менску, Мікола Канаховіч з Пружанаў, Міхаіл Паўлаў з расейскага гораду Вязьнікі Ўладзімерскай вобласьці і Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG