Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кандыдаты на прэзыдэнта ставяцца да розных канфэсій у Беларусі?


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” адказваюць кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч і Сяргей Гайдукевіч, прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская, а таксама лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін.

(Спадар: ) “Мне хацелася б задаць пытаньне Алесю Мілінкевічу: як ён ставіцца да рэлігіі? Гэта ня важна, ці праваслаўны ён, ці каталік, ці пратэстант. Наколькі я ведаю, спадары Пазьняк, Хадыка ды іншыя сапраўды вернікі, чаго нельга сказаць наконт асобы спадара Лукашэнкі, які, падобна фарысэям, ляпае па плячы Філарэта, адначасова называючы сябе праваслаўным атэістам”.

Адказвае кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Я з праваслаўнай сям’і, я веруючы чалавек — і даволі нялёгка ішоў да веры. Гэта ўжо ў сталым узросьце атрымалася. І для мяне вельмі важна тое, што я веруючы — гэта дапамагае, знайшоў у гэтым значнае апірышча псыхалягічнае. А што тычыцца веры і дзяржавы, то я лічу, што вельмі важна, каб дзяржава і рэлігія адно ад аднаго былі аддзеленыя, каб былі самастойныя. І надзвычай важна, каб дзяржава ставілася аднолькава да ўсіх канфэсіяў. Беларусь мае выдатныя традыцыі — традыцыі талерантнасьці, і дзяржава павінна гэта захоўваць. Я лічу, што так і будзе ў новай Беларусі”.

На пытаньне пра канфэсійную прыналежнасьць і стаўленьне да веры адказвае кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч:

(Гайдукевіч: ) “Я праваслаўны, я насамрэч добра стаўлюся — ня тое, што добра стаўлюся, у мяне дома абразы вісяць, куток для гэтага ёсьць. Я праваслаўны і крыжык нашу — дарэчы, медны. Як я магу яшчэ ставіцца, як ня шчыра і станоўча — гэта ўсё, што я хацеў бы сказаць на гэтую тэму”.

Пра канфэсійную прыналежнасьць і стаўленьне да веры кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна адказвае прэсавы сакратар Ніна Шыдлоўская:

(Шыдлоўская: ) “Аляксандар Казулін неаднойчы і падчас выступаў, і падчас сустрэчаў зь людзьмі падкрэсьліваў абсалютна шчыра і пераканана, што вера — гэта тая аснова, якая трымае народ. І ён вельмі рады і вітае тое, што цяпер вера вяртаецца ў сэрцы людзей. Сам ён чалавек, які глыбока верыць — гэтак, як і ўся ягоная сям’я. Сам ён хрышчаны ў праваслаўе — і пры любой мажлівасьці, калі ён тут у Менску, то абавязкова наведвае набажэнствы. Таксама ён адзначае асноўныя рэлігійныя сьвяты”.

* * *

(Спадар: ) “У мяне пытаньне да Сяргея Калякіна. Якая ў вас, шаноўны спадар, праграма камуністаў? Коратка і дакладна. Я заўсёды камуністаў заву бальшавікамі, хоць і сам быў у партыі больш за сорак гадоў. Білет вярнуў пасьля артыкулу Кароціча ў “Московских новостях” — органе ЦК партыі. Пасьля гэтага з пасады мяне зьнялі, але я быў задаволены. Дзякуй за ўвагу”.

Адказвае лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Праграма нашай партыі ўтрымлівае асноўныя мэты: гэта свабода, гэта справядлівасьць, гэта салідарнасьць, гэта дэмакратыя. Яшчэ асноўнымі палажэньнямі нашай партыі зьяўляецца тое, што мы лічым палітычную канкурэнцыю неабходнай умовай для існаваньня дэмакратычнай дзяржавы. Што ў любой краіне павінна быць шматукладная эканоміка, якая існуе ў канкурэнтных і роўных умовах. А пра тое, як мы ставімся да практыкі, якая існавала ў КПСС, то ў нашай праграме ёсьць разьдзел, у якім падкрэсьленыя тыя моманты, калі КПСС адыходзіла ад прынцыпаў сацыялізму. Да прыкладу, мы не падзяляем падыходу, калі мэта зьяўляецца падставай для выкарыстаньня ўсіх магчымых сродкаў”.
XS
SM
MD
LG