Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"New York Times": вітамін D жанчынам не дапамагае


Ганна Соўсь, Прага Прыём прэпаратаў кальцыя і вітаміну D фактычна не прадухіляе разьвіцьцё астэапарозу ў жанчынаў пасьля мэнапаўзы. Пра гэта сьведчаць вынікі грунтоўнага навуковага дасьледаваньня, праведзенага ў ЗША ў рамках вялікага фэдэральнага праекту “Ініцыятыва жаночага здароўя”. Пра гэта піша сёньня "New York Times". Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

"News York Times" адзначае, што вынікі дасьледаваньня перакрэсьлілі многія традыцыйныя ўяўленьні і паставілі перад мэдыкамі шэраг пытаньняў.

Дасьледаваньне праводзілася ў рамках праекту “Ініцыятыва жаночага здароўя” і каштавала 18 мільёнаў даляраў. Вывучэньне цягам сямі гадоў стану здароўя жанчынаў пасьля 50 гадоў паказала, што няма ніякага відавочнага эфэкту ад выкарыстаньня прэпаратаў кальцыя і вітаміна D для прадухіленьня крохкасьці костак, нягледзячы на шырока распаўсюджаныя рэкамэндацыі лекараў.

Дасьледаваньне гэтаксама выявіла, што гэтыя прэпараты не прадухіляюць рак кішэчніка, да таго ж яны павялічваюць рызыку зьяўленьня камянёў у нырках.

Дасьледаваньне аднак засьведчыла невялікі станоўчы эфэкт для некаторых падгрупаў. З больш чым 32 тысячаў нармальных здаровых жанчынаў ад 50 да 79 гадоў, якія штодня прымалі прэпараты кальцыя і вітаміна D, толькі ў аднаго працэнта назіралася павялічэньне таўшчыні касьцявых тканак бядра, піша "New York Times".

Гэта ня першыя сапраўды сэнсацыйныя дадзеныя ад удзельнікаў праекту “Ініцыятыва жаночага здароўя”. На пазамінулым тыдні ініцыятыва паведаміла пра атрыманыя дадзеныя, якія сьведчаць, што нізкатлушчавая дыета не абараняе супраць раку грудзей і кішэчніка альбо хваробаў сэрца.

Некалькі гадоў таму дасьледаваньні ў рамках “Ініцыятывы жаночага здароўя” выявілі, што гарманальная тэрапія пасьля мэнапаўзы стварае больш рызыкі для здароўя, чым карысьці, паведамляе "New York Times".

Удзельніцы новага дасьледаваньня цягам сямі гадоў штодня прымалі 1,000 міліграм кальцыя і 400 міжнародных адзінак вітаміну D. Дасьледаваньне даказала адсутнасьць станоўчага эфэкту ў прадухіленьні раку кішэчніка.

Што тычыцца эфэкту на косткі, то тут таксама вынікі не выклікаюць аптымізму. Спэцыялісты ў лячэньні астэапарозу гавораць, што вынікі дасьледаваньня, надрукаванае ў "New England Journal of Medicine", ставяць пад сумнеў шырока распаўсюджаныя рэкамэндацыі лекараў, каб усе жанчыны пасьля клімаксу прымалі вітамін D і прэпараты кальцыя для прадухіленьня астэапарозу.

Прэзыдэнт Нацыянальнага фонду астэапарозу доктар Этэль Сырыс кажа, што цяпер перад лекарамі паўстала пытаньне, ці прызначаць надалей жанчынам прэпараты кальцыя і вітамін D. Раней лекары не лічылі гэта шкодным, аднак цяпер выявілася, што сярод 10 000 жанчынаў, якія рэгулярна прымалі гэтыя прэпараты, штогод выяўлялася пяць выпадкаў зьяўленьня камянёў у нырках. Паводле доктара Сірыс, прызначаць гэтыя прэпараты трэба толькі тым жанчынам, якія маюць нястачу гэтых элемэнтаў у дыеце, піша "New York Times".
XS
SM
MD
LG