Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень агітацыйнай кампаніі – Гайдукевіч, Казулін і Лукашэнка...


Радыё Свабода Як прайшоў трэці дзень агітацыйнай кампаніі? Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч сёньня першы запісаў на тэлебачаньні свой перадвыбарчы выступ. Аляксандар Лукашэнка на запіс у прызначаны час не зьявіўся. Аляксандар Казулін праводзіў сёньня ў Менску паседжаньне свайго штабу.

Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч сёньня першы запісаў на тэлебачаньні свой 30-хвілінны выступ, які прагучыць 21 лютага а 18-й гадзіне. Спадар Гайдукевіч паведаміў, што сказаў усё, што хацеў, і ніхто яго не перапыняў.

(Гайдукевіч: ) “Выкідаць нічога не павінны, я ўклаўся ў 30 хвілінаў. Я заўсёды разьлічваю на беларускіх грамадзянаў, на беларускі народ, на тое, колькі я змагу дабіцца працэнтаў”.

На якой мове запісаўся спадар Гайдукевіч?

(Гайдукевіч: ) “Канечне, на расейскай мове. Большасьць насельніцтва нашай радзімы размаўляе і разумее расейскую мову”.

Ці будзе ў выступе крытыка на адрас дзейнага прэзыдэнта?

(Гайдукевіч: ) “Там вялікі, арганічны даклад. Там будзе ўсё. Мая думка і думка маіх прыхільнікаў, што гэта цудоўны выступ для беларускага выбарца. Гэта першы выступ за пяць гадоў у такім фармаце”.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, людзей найбольш цікавяць сацыяльныя праблемы, жыльлёвыя, ахова здароўя.

Аляксандар Казулін сёньня праводзіў паседжаньне свайго штабу. Ён заявіў, што ідзе падрыхтоўка паездак па рэгіёнах і інфармацыйна-прапагандысцкіх матэрыялаў.

(Казулін: ) “Сёньня ўлада прадэманстравала нам сілавы варыянт. Яна, натуральна, усюды будзе перашкаджаць сабраць вялікую колькасьць людзей. Таму мы цяпер рыхтуемся, каб зьбіралася хаця б пяцьсот-тысяча чалавек. Мы ж разумеем, што сёньня ўлада робіць усё магчымае, каб праўда пра гэтую ўладу не дайшла да насельніцтва. Таму мы рыхтуемся, каб гэта праўда да насельніцтва ўсё ж дайшла”.

Паводле сябра штабу Дзьмітрыя Косьціна, кандыдат Аляксандар Лукашэнка ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў сёньня не праводзіў, і больш за тое — не зьявіўся на запіс па тэлебачаньні. Нагадаем, што выступ спадара Лукашэнкі заплянаваны на 21 лютага, адразу пасьля Сяргея Гайдукевіча.

(Косьцін: ) “Да гэтага часу невядома, студыя чакае. Але пакуль нават ня могуць удакладніць, нават у прэс-службе прэзыдэнта”.

Але ж студыя для запісу была вызначана ў пэўны час і гэты час ужо мінуў?

(Косьцін: ) “Там студыя зроблена асобна, працуе толькі пад кандыдатаў. Таму пры жаданьні можна карэктаваць час выхаду. Пакуль не было ніякіх запісаў з кандыдатам Аляксандрам Лукашэнкам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG