Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За кратамі застаюцца сем актывістаў моладзевых рухаў


Любоў Лунёва, Менск У менскім спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна адбываюць арышт пяцёра актывістаў моладзевых незарэгістраваных арганізацыяў. Стан здароўя аднаго зь іх, Яўгена Афнагеля, пагоршыўся: да яго выклікалі “хуткую”. У актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Касьпяровіча таксама праблемы са здароўем. 27 лютага яго прывязуць у суд Маскоўскага раёну Менску, каб судзіць за спробу замяніць дзяржаўны сьцяг на будынку Менгарвыканкаму на бел-чырвона-белы.

Маці Яўгена Афнагеля перадала яму неабходныя лекі. Ёй патэлефанавалі са спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку, дзе яе сын з 13 лютага адбывае 15 сутак арышту. Яўгена затрымалі за два дні да правядзеньня акцыі салідарнасьці. Паплечнікі актывіста моладзевага руху “Зубр” упэўненыя, што яго арыштавалі, каб пазбавіць магчымасьці ўдзельнічаць у акцыі. У той дзень разам зь Яўгенам затрымалі каля двух дзясяткаў сяброў “Зубру”. Усіх адпусьцілі, а Яўгена абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Гаворыць маці Яўгена Соф’я Афнагель:

(Афнагель: ) “Абязбольвальныя яму давалі, але не дапамагаюць. Не схінуцца, не расхінуцца. Ну, вось цяпер патэлефанавала, сказалі, што горш ня стала… Кажуць, што, як стане горш, то зноў будуць выклікаць “хуткую”. Радыкуліт на нарах, канечне, цяжка лячыць, у халоднай камэры. Але гэта нікога не цікавіць”.

Маці Зьмітра Касьпяровіча таксама непакоіцца за стан здароўя свайго сына. Зьмітра затрымалі 17 студзеня, калі былі моцныя маразы. Зьміцер прастудзіўся і хварэе дагэтуль. Умовы ізалятару не спрыяюць выздараўленьню. У камэры, разьлічанай на 12 чалавек, трымаюць 16. Маці Зьмітра пэнсіянэрка і сама мае праблемы са здароўем. Яе папрасілі не ісьці на суд 27 лютага, бо гэта можа справакаваць гіпэртанічны крыз.

(Касьпяровіч: ) “Даюць нейкія антыбіётыкі, але яны слаба дапамагаюць. Перадаю нейкія вітаміны, лекі… Я ж ужо ва ўзросьце чалавек… І такое вытрымаць немагчыма!.. Ціск. І нічога не зьбіваецца — 180 і ўсё. Гэта ж вельмі небясьпечна”.

Паводле заканадаўства, Зьмітра Касьпяровіча могуць пакараць штрафам, пазбаўленьнем альбо абмежаваньнем волі. Суд можа залічыць тэрмін арышту ў сьледчым ізалятары і вызваліць хлопца з-пад варты ў судовай залі. 25 лютага Зьмітру Касьпяровічу споўніцца 24 гады.

Яшчэ адзін сябра “Маладога фронту”, Артур Фінькевіч, чакае суду на Валадарцы. Яго таксама абвінавацілі ў злосным хуліганстве за надпіс на агароджы: “Мы хочам новага”.

Тры чалавекі за графіці адпушчаны пад падпіску пра нявыезд — Аляксандар Казакоў, Зьміцер Зубро і Аляксей Янушэўскі. Супраць кіраўніка Жодзінскай філіі “Маладога фронту” і кіраўніка штабу Аляксандра Мілінкевіча Паўла Красоўскага распачалі крымінальную справу за абразу службовай асобы. Падставай сталі карыкатуры ў газэце, якую выдае Павал.

26 лютага са спэцпрыёмніку выйдуць Алег Корбан, Барыс Гарэцкі і Павал Фігурын. 28-га — Яўген Афнагель, а 3 сакавіка — Алег Мяцеліца.
XS
SM
MD
LG