Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Клімаў – першыя дні на “хіміі” на новым месцы


Радыё Свабода Палітычны вязень Андрэй Клімаў, пераведзены пры канцы мінулага тыдня адбываць “хімію” ў вёску Баршчоўка Рэчыцкага раёну, расказвае пра першыя ўражаньні ад новага месца абмежаваньня волі.

Папраўчая ўстанова №22, куды перавезьлі Андрэя Клімава з Крупак, знаходзіцца ў бары непадалёк ад вёскі Баршчоўка. Яна прызначана для тых “хімікаў”, якіх раней ужо пазбаўлялі волі.

У аднапавярховым будынку зь белай цэглы адбываюць пакараньне крыху больш за шэсьць дзясяткаў “хімікаў”. Андрэй Клімаў дзеліцца сваімі першымі ўражаньнямі ад новага месца:

(Клімаў: ) “Скажу так: умовы ў мяне лепшыя, чым у Крупках. У пакоі нас двое, нягледзячы на тры ложкі. Пакой у тры разы большы. Ёсьць месца для прыгатаваньня ежы, апрача кухні. Кухня тут больш прыстойная. Прыстойная і прыбіральня. І галоўнае, тут цёпла. У Крупках я спаў, можна сказаць, абняўшыся з абагравальнікам. Тут цёпла. Цёпла і ад батарэі, і ад чалавечага стаўленьня да мяне адміністрацыі”.

Чаму яго перавялі на новае месца, апазыцыйны палітык пэўна сказаць ня можа. У Баршчоўцы яго не чакалі й спачатку нават не хацелі прымаць. Вэрсіі спадара Клімава:

(Клімаў: ) “Мяне, пэўна, хацелі скрасьці дарогай падчас транспартыроўкі. Дапускаю, што быў і варыянт перадачы мяне каму-небудзь. Але штосьці ў іх не стыкавалася. Пастаянна два міліцыянты выходзілі з аўтамашыны і штосьці ўзгаднялі па мабільніку. Альбо была дадзена каманда: “Адбой”, альбо была якаясь нестыкоўка. Вельмі ўдалы момант — усе занятыя рэгістрацыяй кандыдатаў на прэзыдэнта. Я як бы па-за полем зроку”.

Сёньня Андрэя Клімава выклікалі ва ўправу выкананьня пакараньняў абласной міліцыі. Опэрупаўнаважаны Аляксей Сіўцоў цікавіўся, ці ведае спадар Клімаў пра ўмовы ўтрыманьня на новым месцы, і чаму яго перавялі ў Баршчоўку. На тым размова і скончылася.

У Гомелі Андрэю Клімаву ўдалося сустрэцца з кандыдатам на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам, які другі дзень працягвае перадвыбарчую паездку па гарадах рэгіёну.

Пасьля сустрэчы зь Мілінкевічам Андрэй Клімаў заявіў: “Цяпер я не сумняюся — у нас ёсьць ня толькі шанец, цяпер у нас ёсьць перамога. Я веру ў гэтага чалавека і не сумняюся ў беларускім народзе”.
XS
SM
MD
LG