Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Як старшыня ТБМ можа казаць, што спачатку трэба будаваць дэмакратыю, а пасьля мову?"


Радыё Свабода (Спадарыня: ) “Я хацела б сустрэцца з карэспандэнтам Радыё Свабода ў пытаньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як гэта мне зрабіць?”

(Спадар: ) “Казулін і Мілінкевіч толькі што выступалі па тэлебачаньні. Бог ты мой! Шпана! Блатныя нейкія! Пра што яны кажуць! Гэта ж нейкая брыдкасьць! Дзікія выхадкі нейкія, выкрыкі! Кажуць, што там рэфэрэндум несапраўдны. Ты пра сябе кажы! Вось Аляксандар Рыгоравіч цудоўна выступіў. Малайчына! Спакойна выказаў тое, што хоча. А Мілінкевіч тузаўся, скакаў, яму нават заўвагу зрабілі. Усё што ён там казаў, і вы разам з ім, што нейкага там закрылі ці яшчэ нешта, – глупства ўсё гэта! Ці гэта будучыя прэзыдэнты? Шпана, якую амэрыканцы выцягнулі з памыйніцы. Гэта ж жах! Глядзець страшна! Слухаць немагчыма! Кажы канкрэтна, што ты зробіш, якое жыцьцё прапануеш беларускаму народу, якія твае прапановы…”

(Спадар:) “Лукашэнка, здымі сваю кандыдатуру! Радзі Бога сыходзь, бо надакучыла глядзець на тваю фізіяномію! Інакш посьпеху табе ня бачыць. Цябе чакае тое самае, што Хусейна, твайго сябру. Ты будзеш сядзець з ім у адной камэры. Мілінкевіч, так трымаць! Хутчэй да народу! Мы цябе падтрымліваем! Перамогу будзе за намі!”

(Спадар:) “Хачу павіншаваць праз вашае радыё спадара Аляксандар Мілінкевіча з тым, што яго зарэгістравалі ў кандыдаты ў прэзыдэнты. Лічу, што ён быў бы вельмі добрым прэзыдэнтам Беларусі, але, на жаль, гэта вельмі складана. Ён вельмі талерантны чалавек, яго выказваньні паказваюць, што ён вельмі разумны чалавек. Ён і з Захадам сябруе, і з Расеяй таксама, тое, што было кепска ў Зянона Пазьняка, які адрынуў адразу Расею. Але хачу сказаць пра іншае.

Мяне вельмі ўразіла тое, што старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў гаворыць так, што спачатку трэба будаваць дэмакратыю, а потым беларускую мову. Як можа такое казаць старшыня беларускай мовы? Бяз мовы беларускай няма Беларусі, няма нацыі! Я таксама неідэальна размаўляю па-беларуску, але, я лічу, што трэба толькі з мовы пачынаць. І як можа такое казацца спадаром Трусавым, гэтым паважаным чалавекам, мне не зразумела. Канечне, яны сябры з Казуліным, ён там працаваў у яго. Але мяне таксама зьдзіўляе і абурае, што колькі часу прайшло, калі спадар Казулін арганізаваў сваю новую партыю і не навучыўся два словы казаць па-беларуску. Акадэмік! Я абураны такімі паводзінамі палітыка! Толькі і лезуць у тую палітыку, каб паруліць!”

(Мікалай Кот: ) “Вось тут, у вёсцы, сядзім зь дзядамі і слухаем вашу “Свабоду”. Першы канал глядзелі, што залічылі кандыдатаў у прэзыдэнты – гэта вельмі добра. Але ні па радыё, ні па тэлебачаньні не сказалі ні Мілінкевіч, ні Казулін пра сваю праграму, толькі пра свабоду сказалі.

Вось што мы думаем у калгасах. Чулі, што Мілінкевіч, быццам, зьбіраецца калектыўную гаспадарку разагнаць, заводы разагнаць. Цікава, а як людзі будуць жыць? Ці вы ўвесь час кажаце пра свабоду, беларускую мову… Якая можа быць мова? Трэба выйсьці да людзей і сказаць, што будзе годнае жыцьцё, годны заробак, пэнсія годная, а потым ужо пра мову і пра іншае трэба казаць. На галодны страўнік якая мова можа быць? Трэба ісьці да народу, ён падтрымае. Мы ні за Лукашэнку, ні за Мілінкевіча, хто лепшую праграму нам скажа, за таго і будзем галасаваць”.

(Міхаіл Леках: ) “Апошнім часам беларуская “Свабода” стала меней трансьляваць кіраўнікоў злодзеяў і карупцыянэраў з Польшчы. Я маю на ўвазе тое, што Польшча па аб’ектыўных дадзеных “Эўрастата” лідэр у Эўропе па злачынствах і карупцыі. А калі Польшча лідэр у злачынствах і карупцыі, то кіраўнікі Польшчы – кіраўнікі злачынцаў і карупцыянэраў. Дык вось гэтыя кіраўнікі вучылі беларусаў і беларускі народ жыць. Я неаднаразова тэлефанаваў і прасіў зьвярнуць на гэта ўвагу кіраўніцтва беларускай Радыё Свабода. Добра, што вы зьвярнулі на гэта ўвагу. Гэта сьведчыць, што вы ў нейкай ступені спрабуеце быць, наколькі гэта магчыма, аб’ектыўнымі, улічваючы, на мой погляд, аб’ектыўныя крытычныя заўвагі. Мяне гэта вельмі радуе. Давайце і далей будзем спрабаваць сумленна працаваць”.

(Спадар: ) “Дзе тыя зьберажэньні, якія знаходзіліся на зьберкніжках і хто вінаваты, хто аграбіў народ? Хто вінаваты: Шушкевіч, ці Багданкевіч, ці Мілінкевіч?”

(Спадарыня: ) “Нашыя ўражаньні ад першых выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Правільную пазыцыю выказаў Гайдукевіч, а Мілінкевіч і Казулін паказалі сваю палітычную блізарукасьць, бястактнасьць. Лепш за ўсіх выступіў Лукашэнка. Яму і быць прэзыдэнтам”.

(Віктар Буто, Менск: ) “Пра апазыцыю па-беларуску. Для мяне выступоўцы ад апазыцыі зьяўляюцца дзіўнымі і незразумелымі, размаўляюць на мове, на якой большасьць нацыі не размаўляе. Многія кажуць пра правы, якія самі і парушалі, калі знаходзіліся на дзяржаўнай службе і калі ім уяўлялася, што для іх законы няпісаныя, што б яны не рабілі. То бок, гэтая апазыцыя не адрозьніваецца ад тых, хто знаходзіцца на дзяржаўнай службе і прадстаўляе вялікую небясьпеку для любога нармальнага і прыстойнага грамадзяніна. Яны прыкрываюцца гучнымі і незразумелымі словамі, да якіх адносяцца незалежнасьць, дэмакратыя, правы чалавека, свабода слова і шмат іншых, якія адсутнічалі, калі існаваў Савецкі Саюз і адсутнічаюць для большасьці ў Рэспубліцы Беларусь, калі ажыцьцявілі развал СССР”.

(Спадарыня: ) “Мяне ўразіла выступленьне Казуліна. Пачаў казаць на трасянцы, потым перайшоў на расейскую мову, а скончыў хамствам. Такі ўзровень культуры не сумяшчальны са званьнем прафэсара. Ня дзіва, што ён беспрацоўны прафэсар”.

“Адзін раз вы кажаце, што народ баіцца ўладу, другі раз – што ўлада кагосьці баіцца. Патлумачце, хто каго баіцца. Як гэта разумець?”

(Жыхар Менску: ) “Паважаная “Свабода”! Народ Беларусі, які прагне пераменаў, галасаваць будзе чэсна. А вось вынікі галасаваньня ўжо на сёньняшні дзень можна сказаць, што будуць сфабрыкаваны. Парайце, што рабіць народу?”

(Бабуля зь вёскі: ) “Віншую супрацоўнікаў і слухачоў радыё зь першым крокам наперад да перамогі! А каб не давялося рабіць двух крокаў назад, прапаную акрамя тэледэбатаў кандыдатаў арганізаваць радыёдэбаты кандыдатаў і слухачоў, бо апошнія 15 гадоў кандыдаты заўсёды ў боку, а выбарнікі чамусьці з боку”.

(Аляксандар Мікалаевіч, Слонім: ) “Вынікі выбараў прэзыдэнта ўжо агучаны тэлебачаньнем: 74,5 за Лукашэнку, па 3-3,5 усім астатнім. І гэта адпавядае сапраўднасьці, на вялікі жаль, таму што 75% электарату беспрасьветна палітычна тупы і шчасьлівы сваім рабствам. А 25% разумных людзей, якія думаюць, гэтае 75-ці адсоткавае бервяно не перашабуць”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Наконт тэледэбатаў. Ці можна назваць прыстойным чалавекам таго, хто ўхіляецца ад тэледэбатаў? Кандыдаты ў прэзыдэнты павінны неадкладна разгледзіць гэтае пытаньне, можна дадаткова правесьці бліц-апытаньне насельніцтва наконт гэтага пытаньня. Думаю, што насельніцтва падтрымае ідэю тэледэбатаў. У любым выпадку трэба патрабаваць хаця б на выніковым этапе перадвыбарнага маратону, каб усе кандыдаты мелі доступ у прамы эфір на тэлебачаньні альбо ніхто. А ў выпадку зьяўленьня ў тэлеэфіры аднаго з кандыдатаў звыш ліміту, трэба разглядаць так, як прапаноўвала старшыня Цэнтрвыбаркаму, што гэта дадатковая дапамога – і здымаць такога кандыдата з далейшых выбарчых працэсаў. І ў любым выпадку лічу, што кандыдаты павінны патрабаваць толькі прамы эфір, каб не было ніякага рэдагаваньня іх ідэяў”.

(Спадар: ) “Пачуў па вашым радыё, што Рыгора Барадуліна трэба вылучаць на Нобэлеўскую прэмію. Падтрымліваю гэта ад усёй душы! Заслужана! Цудоўна! Так трымаць! Гэта сапраўды Народны паэт! І тое, што вы ўздымаеце гэтае пытаньне – гонар і слава вам!

І другое пытаньне. Нашыя паехалі на Алімпіяду. Вельмі сумна. Увесь час шукаю хоць нейкую перамогу нашую – на жаль, не знайшоў. Зноў турыстаў паслалі. Вельмі шкада, што нашыя трэнэры, дарэчы, Аляксандар Рыгоравіч крытыкаваў іх за гэта, не вытрымліваюць крытыкі. Калі ня можа скакаць, навошта яго браць?”

(Спадар: ) “Мне хацелася б задаць пытаньне Алесю Мілінкевічу. Як ён ставіцца да рэлігіі? Гэта ня важна, ці праваслаўны ён, ці каталік, ці пратэстант. Наколькі я ведаю, спадары Пазьняк, Хадыка ды іншыя глыбока веруючыя людзі, чаго нельга сказаць наконт асобы спадара Лукашэнкі, які, падобна фарысэям, хлопае па плячы Філарэта, адначасова называючы сябе праваслаўным атэістам. А гэта зусім ніяк не стасуецца. Як кажуць, "лука і ёсьць ад лукавага”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя Алесь Мілінкевч і Аляксандар Казулін! У дадзены момант нельга браць удзел у выбарах разам з Лукашэнкам, які груба парушыў Канстытуцыю і законы Беларусі. Замест таго, каб абмежавацца, абараніць Канстытуцыю, вы вырашылі ўдзельнічаць у фарсе. Адзін вядомы ангельскі лібэрал любіў паўтараць: “Дзеля абароны сваіх правоў і свабоды я гатовы на ўсё. Але вазьмуся за зброю толькі тады, калі ўсе іншыя сродкі будуць вычарпаны”. Я супраць зброі! Трэба рыхтаваць людзей, каб выйшлі на плошчу ня менш за 100-200 тысяч чалавек, тады яго танкі ня пойдуць душыць людзей. А таварыш Ярмошына адкажа перад беларускім народам”.

(Спадар: ) “Мне ўчора падабалася тэлебачаньне. Вось такое тэлебачаньне павінна быць кожны дзень! Але мне не зразумела, што казаў Казулін. Што ён так хваліў Лукашэнку? Ці то ён зь яго сьмяяўся ці ён усур’ёз такое казаў?”
XS
SM
MD
LG