Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: “Трымайцеся, хлопцы, мы пераможам!”


Радыё Свабода Вось ужо паўгоду адбывае пакараньне на “хіміі” лідэр “Маладога Фронту” Павал Севярынец. Абмежаваньнем волі ён быў пакараны за арганізацыю вулічных пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму. Павал Севярынец жыве ў спэцінтэрнаце ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну і працуе на лесапавале.

Усе марозныя дні Павал Севярынец працаваў на лесапавале. Хаця ўмовы працы ў лесе больш складаныя, чым на лесапункце, дзе ён працаваў дагэтуль, заробкі тут у два разы ніжэйшыя. Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Працую, як і раней, на лесапавале. Сяку сукі, засьцілаю волакі для гусенічнага трактара, палю дробнае сучча. Праца ідзе ў звычайным рытме. Дасылаюць мне шмат лістоў, за што вялікі дзякуй. Людзі падтрымліваюць. За мінулы месяц за працу ў лесе налічылі 115 тысяч “бруднымі”, што называецца, і 90 з капейкамі — на рукі”.

Хаця Павал і дзякуе людзям за падтрымку, але за апошні месяц ніхто зь сяброў і знаёмцаў яго не наведваў. Паводле Паўла, ён атрымлівае шэраг незалежных выданьняў і збольшага абазнаны ў пэрыпэтыях выбарчай кампаніі. Асабліва турбуе лідэра “Маладога фронту” лёс ягоных паплечнікаў, што зазналі перасьлед з боку ўладаў.

(Севярынец: ) “Уважліва сачу за выбарчай кампаніяй, якая разгортваецца ў Беларусі, і хачу пажадаць усім, хто ўдзельнічае ў гэтай кампаніі, назірае за ёй — веры ў нашу перамогу. Гэта цяпер галоўнае, бо “паводле веры вашай будзе вам”, як сказана ў Эвангельлі. Вельмі занепакоены лёсам маладафронтаўцаў, якія цяпер апынуліся пад крымінальным перасьледам: Артура Фінькевіча, якога я добра ведаю, Зьмітра Касьпяровіча, зь якім разам стваралі “Малады фронт”, Пашы Красоўскага, які чакае суду па сваёй справе. Трымайцеся, хлопцы, мы пераможам!”
XS
SM
MD
LG