Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтаваны ангельскі пераклад кнігі Р.Барадуліна “Ксты”


Радыё Свабода Выданьне перакладу сталася апошняй з умоваў для вылучэньня Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Зборнік духоўнай паэзіі выдала менская каталіцкая парафія сьвятых Сымона і Алены. Працу над зборнікам ачолілі ксёндз Уладыслаў Завальнюк і філёляг Ала Сакалоўская..

20 лютага ксёндз Уладыслаў Завальнюк прадэманстраваў пасьведчаньне з Нобэлеўскай камісіі пра атрыманьне ўсіх неабходных дакумэнтаў на вылучэньне кандыдата на прэмію. Аўтарка ідэі стварэньня зборніку духоўнай паэзіі Рыгора Барадуліна і рэдактарка беларускай вэрсіі кнігі Ала Сакалоўская сказала пра вершы зборніка “Ксты”:

(Сакалоўская: ) “Асноўны грунт, аснова гэтых вершаў — гэта Бог, Радзіма і Маці. На гэтым грунтуецца і ўся паэзія Рыгора Барадуліна. Гэта – асноўнае ў жыцьці Рыгора Барадуліна як паэта і як чалавека”.

Над перакладам працавалі Іван Бурлыка, Марыля Васючэнка, Вольга Гапеева, Мікола Савіцкі ды іншыя. Рэдагавалі кнігу беларускі навуковец Юры Стулаў, а таксама амэрыканцы Ст’юарт Артур Рэкс, Джэймз Торсан і брытанец Джым Данван.

Удзельнікі праекту выказалі спадзеў, што Рыгор Барадулін пераможа ў намінацыі “літаратура”. Нобэлеўская прэмія даецца як за ўсю творчасьць цалкам, гэтак за канкрэтны твор, які мусіць быць “ідэалістычным, гуманістычным і высокамастацкім”. Ініцыятары вылучэньня асобы Рыгора Барадуліна абралі другі шлях — прапанавалі да разгляду зборнік “Ксты”.

Уладыслаў Завальнюк падкрэсьліў важнасьць выхаду кнігі без прывязкі да Нобэлеўскай прэміі:

(Завальнюк: ) “Самае важнае, каб у Беларусі ўсё больш разумелі дух гэтых вершаў. І духоўнае адраджэньне, пра якое мараць і касьцёл, і царква. Пэўна ж, гэтая кніга па-над усімі канфэсіямі. Яна накіроўвае кожнага чалавека да Бога”.

Зьвяртаючыся да тых, хто спрычыніўся да выхаду кнігі, Рыгор Барадулін сказаў:

(Барадулін: ) “Прэмія — гэта варажба. Але хай ведаюць пра Беларусь, што Беларусь прэтэндуе. А пртэтэндаваць можна заўсёды. І яшчэ хацеў вам усім падзякаваць за вашу працу, за вашу ўвагу, і дай Бог вам таксама па прэміі”.

Цяпер камітэт вылучэньня Рыгора Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры плянуе шэраг прэзэнтацыяў у Беларусі і за мяжой — каб папулярызаваць зборнік “Ксты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG