Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар "Gazety Wyborczej": "Рэжым не плянуе нармальных выбараў"


Гутарыў Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як мы ўжо расказвалі, учора зь Беларусі быў дэпартаваны Вацлаў Радзівіновіч - журналіст найвялікшай штодзённай газэты ў цэнтральнай і ўсходняй Эўропе - "Gazety Wyborczej". Намесьнік галоўнага рэдактара газэты Пётр Стасіньскі з гэтай нагоды даў інтэрвію нашаму радыё.

Пётр Стасіньскі лічыць, што выдаленьне зь Беларусі карэспандэнта "Gazety Wyborczej" непасрэдна зьвязанае з прэзыдэнцкімі выбарамі, што адбудуцца 19 сакавіка.

(Стасіньскі: ) "Гэта відавочна - Лукашэнка закручвае гайкі, намагаецца рабіць усё, каб незалежныя мэдыі не маглі працаваць у ягонай краіне. Гэта парушэньне асноўных правоў, права на інфармацыю, да якога мы ў Эўропе прызвычаіліся. Мы будзем пратэставаць усімі магчымымі спосабамі. У спадарыні Борыс забралі пашпарт, спадарыню Рамашэўскую з польскага тэлебачаньня таксама дэпартавалі. Рэжым мае ўсё больш рэчаў, якія хоча схаваць. Менскія ўлады спрабуюць паканаць свабодныя мэдыі бюракратычнымі спосабамі, але мы ня будзем паддавацца"

Спадар Стасіньскі кажа, што "Gazetа Wyborczа" зробіць усё магчымае, каб асабліва ў часе прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі быў карэспандэнт гэтага штодзёньніка.

(Стасіньскі: ) "Мы будзем намагацца забясьпечыць нармальнае інфармацыйнае абслугоўваньне, каб нашыя чытачы атрымлівалі інфармацыю зь месца падзеяў. Беларускія ўлады выкарыстоўваюць амаль царскія мэтады. Наш журналіст меў усе неабходныя дакумэнты і меў намер зрабіць інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Мы ад пэўнага часу спрабавалі дамовіцца на гэтае інтэрвію, каб нашым чытачам прадставіць аргумэнты спадара Лукашэнкі. Але замест таго, каб адмовіць нашаму журналісту ў інтэрвію, прэзыдэнт вырашыў не пусьціць яго ў Беларусь. Ня думаю, што гэта здарылася выпадкова - гаворка ідзе, хутчэй за ўсё, пра заплянаваныя ў Менску захады".

Намесьнік галоўнага рэдактара "Gazety Wyborczej" мяркуе, што беларускія ўлады будуць узмацняць рэпрэсіі супраць незалежных мэдыяў і працягваць выдаляць замежных журналістаў.

(Стасіньскі: ) "Беларусь будзе працягваць закрывацца ад навакольнага сьвету, каб не дапусьціць выхаду па-за яе межы інфармацыі, ня выгаднай для рэжыму. І калі так будзе, дык гэта значыць рэжым ня мае намеру правесьці нармальныя выбары".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG