Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускіх аэрадромах могуць атабарыцца расейскія авіяпалкі


Радыё Свабода Агляд незалежнай прэсы за 20 лютага

Сёньняшні нумар газэты “Белорусы и рынок” паведамляе, што Расея прэтэндуе на яшчэ адну ваенную базу на тэрыторыі Беларусі. У ліку магчымых месцаў дысьлякацыі авіяпалкоў называюцца аэрадромы ў Баранавічах, Мачулішчах і Лідзе.

“Белгазета” сёньня ў рубрыцы “Будзьце гатовыя” зьвяртаецца да вынікаў працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Паведамляюцца падрабязнасьці як Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч дэбютавалі на менскіх вуліцах у ролі альтэрнатыўных лідэраў нацыі.

У эканамічным блёку тыднёвік піша пра рост у Беларусі спажывецкіх коштаў. У студзені, да прыкладу, падаражэлі бульба, гародніна, фрукты. Таксама вырасьлі кошты на жыльлёва-камунальныя паслугі (больш чым на 5 працэнтаў) і ўстаноў аховы здароўя – на 8 працэнтаў. Падрабязнасьці ў артыкуле “Суровая праўда пра цэны”.

Чаму пасьля канцэпцыі прыярытэтнага разьвіцьця вёскі цяпер прапагандуецца яе “адраджэньне”? Экспэрт Леанід Злотнікаў аналізуе сытуацыю і робіць выснову, што “спробы захаваць сацыялізм у сельскай гаспадарцы Беларусі не апраўдаліся. Кошты на харчаваньне ў Менску зараз вышэйшыя, чым у Польшчы, Літве і Нямеччыне”.

А што стаіць за падарункамі ўлады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і колькі каштуе любоў народа? Адказы на пытаньні карэспандэнты “Белгазеты” высьвятлялі ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна і рэжысэра Валеры Мазынскага.

У сьвежым нумары рэгіянальнай газэты “Витебский курьер” паведамляецца, што абласному аддзяленьню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – чвэрць стагодзьдзя. Між тым, як кажа яго кіраўнік Франц Сіўко, не перапыняюцца спробы разбурыць творчую суполку.

(Сіўко: ) “Нас выціскаюць з інфармацыйнага поля. На сёньняшні дзень мы ня маем доступу ў дзяржаўныя СМІ, падаць нават нейкую літаратурную навінку. Тыя мерапрыемствы, якіх мы ладзілі заўжды вельмі шмат, таксама не маем магчымасьці праводзіць”.

І усё ж, паводле Франца Сіўка, толькі 6 чалавек пакінулі абласную суполку Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. А 27, як кажа Сіўко, па-ранейшаму захоўваюць духоўнае адзінства.
XS
SM
MD
LG