Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: для экзыт-полаў спатрэбіцца акрэдытацыя


Радыё Свабода Прадстаўнікі Эўрапейскага парлямэнту заяўлялі, што бачаць адным са складнікаў празрыстых, свабодных і сумленных выбараў магчымасьць свабодна правесьці апытаньні выбарцаў на выхадзе з участкаў -- гэтак званыя экзыт-полы. Ці змогуць сацыялягічныя службы правесьці такія апытаньні ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка?

Камэнтуючы рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі, дэпутат з Польшчы Богдан Кліх акцэнтаваў увагу і на магычмасьці вольнага, бесперашкоднага правядзеньня экзыт-полу.

(Кліх: ) “У кожнай дэмакратычнай краіне праводзяцца такія апытаньні. І праводзяцца яны ня толькі для ўласнага задавальненьня іх арганізатараў, але для таго, каб такім чынам можна было параўнаць лічбы з афіцыйнымі вынікамі. Таму мы, між іншым, прапануем, каб такія экзыт-полы маглі таксама праводзіцца незалежна”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што ЦВК заключыць зь якой-небудзь арганізацыяй дамову на правядзеньне свайго экзыт-полу, калі ёй стане вядома, што правесьці экзыт-пол маюць намер іншыя дасьледчыя цэнтры.

(Ярмошына: ) “Тады мы ў альтэрнатыву ўзгоднім правядзеньне сваёй арганізацыяй, каб у нас быў свой пункт погляду”.

Нагадаем, падчас мінулага рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году сусьветна вядомы цэнтар сацыялягічных дасьледаваньня Інстытут Гэлапа правёў экзыт-пол. Згодна зь ім, прапанову Аляксандра Лукашэнкі аб пажыцьцёвым прэзыдэнцтве падтрымалі тады толькі 48,7% грамадзянаў, а значыць Аляксандар Лукашэнка, паводле Інстытуту Гэлапа, не набраў неабходных 50%.

Адносна гэтага апытаньня спадарыня Ярмошына заўважыла:

(Ярмошына: ) “Я, наагул, ня ведаю ці гэта інстытут Гэлапа, таму што да нас ён не зьвяртаўся, у Нацыянальнай акадэміі адпаведнай акрэдытацыі не праходзіў. Таму, можа, гэта самазванцы”.

Але, ці магчыма ім будзе працаваць у гэтым годзе?

(Ярмошына: ) “Калі яны адпаведным чынам атрымаюць адпаведную акрэдытацыю ў Нацыянальнай акадэміі навук, то, канечне”.

Спадарыня Ярмошына заявіла, што ўсе жадаючыя правесьці экзыт-пол павінны мець афіцыйную акрэдытацыю.

У 2004 годзе праводзілі экзыт-пол і праўладныя БРСМ і цэнтар "ECOOM". Вынікі гэтых апытаньняў, афіцыйна дазволеных, паказвалі па БТ, і яны, фактычна, нічым не адрозьніваліся ад лічбаў ЦВК.

Паводле прафэсара Алега Манаева, увогуле экзыт-полы маюць сэнс, калі праводзяцца прафэсіяналамі, да якіх ён адносіць Тнстытут Гэлапа.

(Манаеў: ) “Ці ўдасца ім гэта зрабіць, як гэта ўдалося 17-га кастрычніка 2004 году, сказаць цяжка. Бо тады ўлады наагул не разумелі што гэта такое, і якія наступствы могуць быць. Цяпер яны добра разумеюць і лепш падрыхтуюцца да гэтага. Хто каго абыйдзе, сказаць цяжка. Мяркую, калі ўдасца сапраўды нейкім незалежным групам правесьці экзыт-пол у нас, то, думаю, розьніца з афіцыйнымі вынікамі будзе вялікая, мінімум у 10-15 працэнтаў”.
XS
SM
MD
LG