Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: агітатараў за Мілінкевіча вінавацяць у несанкцыянаваным пікетаваньні


Радыё Свабода, Віцебск Улада Токарава і Канстанціна Перагуда затрымалі каля будынка Чыгуначнага вакзала, дзе сябры ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча паставілі стэнд зь ягоным партрэтам і біяграфіяй.

Міліцыянты з вакзальнае аховы, а потым і супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі некалькі разоў падыходзілі да пікетоўцаў і правяралі іхныя дакумэнты. Праз некаторы час пад''ехаў і сам начальнік раённага аддзелу. Ён выказаў сумневы, што сябры ініцыятыўнай групы маюць права праводзіць агітацыю менавіта ў гэтым месцы.

Пікетоўцаў Улада Токарава і Канстанціна Перагуда папрасілі паехаць у пастарунак. Спадар Токараў знайшоў магчымасьць патэлефанаваць адтуль, каб паведаміць Радыё Свабода пра акалічнасьці затрыманьня.

(Токараў: ) “З раніцы мы стаялі на пікеце. Людзі падыходзілі, чыталі біяграфію Мілінкевіча, іншыя зьвесткі. Дзесьці праз 15 хвілін падышоў супрацоўнік міліцыі, папрасіў дакумэнты – пасьведчаньні сябраў ініцыятыўнае групы, пашпарты. Сказаў: “Добра, руху вы не замінаеце, так што стойце”. Але пазьней падышлі яшчэ хлопцы, недзе шасьцёра міліцыянтаў, нас сфатаграфавалі, і потым прыехаў начальнік райаддзелу міліцыі, сказаў: “Паедзем у пастарунак”. Там мы напісалі тлумачэньні, і туды ж выклікалі супрацоўнікаў райвыканкаму”.

На разьбіральніцтва з агітатарамі за Аляксандра Мілінкевіча прыехалі кіраўнік справамі Чыгуначнага райвыканкаму і супрацоўнік ідэалягічнага аддзелу. Яны засьведчылі, што ўдзельнікі пікету парушылі адміністрацыйнае заканадаўства, бо праводзілі агітацыю ў неналежным месцы.

Чыноўнікі паказалі пералік вызначаных дзеля гэтага месцаў, прычым высьветлілася, што на ўвесь Чыгуначны раён іх усяго тры і што яны прызначаныя не для правядзеньня агітацыйных пікетаў, а толькі для разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў, да прыкладу, у вітрынах крамаў.

Як патлумачылі прадстаўнікі Чыгуначнае адміністрацыі, адмысловыя месцы для агітацыі даўно прызначаныя райвыканкамамі вобласьці. Але пра гэта нідзе шырока не паведамлялася, што пацьвердзіў назіральнік пра абласной выбарчай камісіі Канстанцін Смолікаў.

(Смолікаў: ) “Пра тое, што існуюць адмыслова адведзеныя пад агітацыю месцы, ніякае інфармацыі няма. Пра гэта мы даведаліся толькі сёньня, калі быў затрыманы пікет з інфармацыяй пра Аляксандра Мілінкевіча. Кіраўнік справамі Чыгуначнага раёну прынёс пастанову, датаваную яшчэ 4-м студзеня. Гэта адбылося ўжо даўно, але інфармацыі не было ні ў перыядычным друку, ні ўвогуле ў камісіях нам пра гэта не казалі”.

У агітатараў за Аляксандра Мілінкевіча забралі інфармацыйны стэнд, склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі і выклікалі на пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі 22-га лютага.
XS
SM
MD
LG