Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень агітацыйнай кампаніі ў С.Гайдукевіча, А.Казуліна і А.Лукашэнкі


Радыё Свабода Кандыдаты ў прэзыдэнты Аляксандар Казулін і Аляксандар Лукашэнка сёньня не праводзілі агітацыйных мерапрыемстваў, а Сяргей Гайдукевіч зьбіраўся ў паездку па Меншчыне.

Сяргей Гайдукевіч у сваім штабе ў Менску выдаваў пасьведчаньні давераным асобам і ўзгадняў маршруты паездак па абласьцях. Сёньня ён плянаваў пабываць на Меншчыне.

(Гайдукевіч: ) “У мяне адна ініцыятыўная група ў Барысаве знаходзіцца, а другая група знаходзіцца ў Салігорску. Чакаюць у Дзяржынску і Маладэчна, дык вось, я хачу выбраць, як лепш ехаць. Верагодна, я буду ў Дзяржынску”.

А дзе менавіта адбудзецца сустрэча спадара Гайдукевіча з выбарнікамі?

(Гайдукевіч: ) “Вядома, але казаць не хачу. Я чалавек асьцярожны. Не хачу, няхай яны там даведваюцца”.

Сяргей Гайдукевіч цьвердзіць, што ўчора быў у Жодзіне, і там сустрэчы прайшлі ўдала.

(Гайдукевіч: ) “Я агітую людзей за сябе любімага. І праходзіць гэта вельмі добра. Электарат прэтэндэнтаў зправа і прэтэндэнтаў зьлева са мной размаўляе. Увесь”.

Аляксандар Казулін правёў выходныя ў Менску. Ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў у яго не было. Тлумачыць кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Сёньня выходны дзень, людзі адпачываюць, і паспрабуй іх зьбяры дзесьці і так далей. Калі там 20-30 ці сто-дзьвесьце сустрэнецца з кандыдатам у прэзыдэнты, то гэта будзе вырашальна? Мы ня лічым так. У нас нашы сябры ходзяць па кватэрах, агітуюць за нашага кандыдата. Тэлефануюць тым людзям, якія здалі подпісы за нас, каб яны падтрымалі нас і прагаласавалі”.

Паводле спадара Грыба, графік паездак Аляксандра Казуліна па краіне распрацаваны.

(Грыб: ) “Заплянаваны і Віцебск, і Наваполацк, і Маладэчна. Ёсьць пэўны шэраг складанасьцяў, як усё гэта арганізаваць. Складанасьці ў тым, што ў Менску абмежаваныя месцы сустрэч зь людзьмі. І гэтак жа сама, гледзячы на Менск, робяць астатнія гарады і раёны”.

Сябра штабу Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры Косьцін сказаў, што на рэгістрацыю у Цэнтравыбаркам пададзены сьпіс давераных асобаў.

(Косьцін: ) “Сярод іх вядомы актор Гасьцюхін, некалькі кіраўнікоў аблвыканкамаў, як Дамашкевіч, Пётр Пракаповіч, кіраўнік Нацбанку. У рамках агітацыйнай кампаніі Аляксандар Рыгоравіч не праводзіць сёньня ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў”.
XS
SM
MD
LG